Таццяна Мушынская

Джульета і экстрасэнс (зборнік)


Скачать книгу

расстаецца. Калі спаць кладзецца, відаць, пад падушкай пакідае. Які прыбытак, дзе, колькі, калі? Усё падлічана, усё зразумела, ніякіх непатрэбных эмоцый. Цікава, дзялок поўнасцю знішчыў у ім спевака, ці яшчэ нешта засталося? А можа, дарма я так строга? Бізнес – рэч перспектыўная. Толькі чаму паводзіны Алега заўжды «на мяжы фолу»? Заўжды развязны, штораз яму трэба мяне зачапіць і зняважыць. Або свядома, або мімаходзь…»

      Маэстра – зусім іншы. Надзя часам дзівіцца, што зямныя тэмы яны ў сваіх размовах не кранаюць – толькі музыка і толькі мастацтва. Яна не ведае: абедаў ён сёння і ці будзе вячэраць? Ці ёсць грошы ў ягонай кішэні, ці наогул няма? Ніякіх размоў пра грэшную зямлю. Трапна сказала канцэртмайстар Ірачка: «Такія людзі на воблаку жывуць!» Напэўна, ён з воблака і злазіць не хоча. Яму там зручна і ўтульна.

      Якія розныя ў іх галасы! Некалі ўпэўнены Алегаў барытон здаваўся Надзі ўвасабленнем сілы, якая здолее абараніць ад вятроў і жыццёвых нягод. Але ягоная сіла абярнулася супраць яе і разбурыла тое, што іх трымала побач. I таму цяпер Надзя не спадзявалася на нейчыю абарону і не шукала яе. Лепей, калі жанчына абараняе сябе сама.

      Мяккі тэнар Маэстра кранаў і трывожыў душу. Праўда, яна падазравала, што тая мяккасць – чыста знешняя, і нават яе гарачае жаданне не прымусіць яго саступіць ёй і сысці з абранага шляху. Яго голас і яго музыка былі таямнічым чынам звязаны паміж сабой. I пацалункі аказаліся падобнымі да ягонай музыкі – ціхай, пяшчотнай, якая глыбока кранала струны душы.

      Але яна надта задумалася.

      – Надзя, хачу як-небудзь запрасіць цябе ў свой офіс, – перапыніў яе думкі Алег. – Паглядзіш, як цяпер я жыву. Купіў старую будыніну, зрабіў еўрарамонт, абсталяваў па апошнім слове, – разгортваў Алег перад ёй прывабную карціну свайго жыцця. – Новае абсталяванне і музычную апаратуру за мяжой замаўляю…

      – «А мне за паўгода прыносіш два пачкі дробнымі купюрамі,– мільганула ў Надзіных думках. – Цікава, усе «новыя беларусы» такія жмінды, ці толькі ты свайму сыну грошай шкадуеш?»

      – Калі ты захочаш дыск запісаць, можаш патэлефанаваць: як былой жонцы зраблю выключэнне. Запішам тваю любімую класіку разам з тваім любімым сімфанічным аркестрам.

      «Пашукаю ў іншым месцы, а цябе прасіць не пайду. Сабе даражэй абыдзецца», – падумала яна.

      – Шкада, што твая класіка – стратная, прыбытку ад яе ніякага. Ну, нічога, можна вялікі наклад не гнаць. Экзэмпляраў трыста зробім для душэўнага задавальнення.

      «Няйначай, масты наводзіць, – думала Надзя. – Чаго раптам з’явіўся такі клопат? Ніколі яго не было…»

      – Надзя, скажу па шчырасці, калі ў чалавека дастаткова грошай, успрыманне жыцця істотна мяняецца. Многія невырашальныя праблемы аўтаматычна знікаюць. Самі па сабе. Цяпер мы прабіваем будынак пад казіно. Ён будзе побач з маім фестывальным цэнтрам. Ты не ўяўляеш, якая залатая ручаіна ў маю кішэню паплыве! Чалавечымі слабасцямі трэба ўмець карыстацца…

      «Бач, павучае! Настаўнік знайшоўся…» – падумала Надзя, а ўголас сказала:

      – Скажы, а бардэль побач ты не плануеш