праз аддаленыя дзверы пакоя і, не заўважыўшы мяне, знікла. Я глядзеў на яе, неймаверна ўражаны і не без трымцення, не ў стане ўсё ж вытлумачыць гэтыя адчуванні. Я дранцвеў, сочачы за тым, як яна паступова знікала з вачэй. Калі ўрэшце за ёю зачыніліся дзверы, я інстынктыўна і нецярпліва павярнуўся да яе брата, але ён закрыў твар рукамі, і я заўважыў толькі, як яшчэ большая бледнасць разлілася па ягоных худых пальцах, скрозь якія няспынна цяклі гарачыя слёзы.
Хвароба лэдзі Мадэліны доўгі час бянтэжыла яе дактароў. Пастаянная апатыя, усё большая знясіленасць і шматлікія, хаця і непрацяглыя, прыпадкі, падобныя да каталептычных, складаліся ў незвычайны дыягназ. Да гэтага яна мужна змагалася з абвастрэннямі хваробы і не дазваляла сабе злегчы. Але ўвечары таго дня, калі я прыехаў, яна – як з невымоўнай усхваляванасцю паведаміў мне яе брат – саступіла спусташальнай сіле разбуральніцы, і я зразумеў, што той вокамгненны позірк, кінуты мною на яе, можа стаць апошнім і што я не ўбачу яе болей – прынамсі, жывою.
Некалькі дзён ні я, ні Ашэр не згадвалі яе імя. Цягам гэтага часу я рабіў усё, каб развеяць тугу майго сябра. Мы малявалі або чыталі разам, а часам я, нібы ў сне, слухаў шалёныя імправізацыі ягонай гітары, якая быццам валодала дарам гаварыць. Па меры таго як расла і расла нашая блізкасць, адкрываючы мне доступ да таямніцаў ягонага сэрца, я з усё большай горыччу ўпэўніваўся ў марнасці сваіх высілкаў суцешыць душу, з якой змрок, нібы неад’емная і абавязковая яе частка, выліваўся на ўсё духоўнае і матэрыяльнае, бесперапынна выпраменьваючы тугу.
Памяць пра шматлікія змрочныя гадзіны, праведзеныя мною сам-насам з уладаром Дому Ашэраў, ніколі не пакіне мяне. Але мне б ніколі не ўдалося хаця б даць уяўленне пра тое, чым былі заняткі, да якіх ён залучаў мяне, у якіх ён кіраваў мною. Хісткая і зменлівая, нерэальная атмасфера кідала на ўсё вакол пякельны водбліск. Ягоныя доўгія імправізаваныя пахавальныя плачы заўсёды будуць гучаць у мяне ўвушшу. Сярод іншага болем адгукаецца ўва мне ўспамін пра нейкую дзіўна вычварную варыяцыю на тэму шалёнай мелодыі апошняга вальсу фон Вэбера*. З карцінаў, якія нараджала ягоная буйная фантазія, якім кожны мазок дадаваў няяснасці і якія напаўнялі мяне трымценнем – тым большым, што я не ведаў яго прычыны, – з гэтых карцінаў, што і цяпер стаяць перад вачыма, толькі маленькая частка падлягала слоўнаму апісанню. Строгая прастата лініяў, выразны, без прыхарошвання, малюнак – усё забірала ўвагу і завалодвала гледачом даастатку. Калі якісьці смяротны і мог маляваць ідэю, то гэтым смяротным быў Родэрык Ашэр. Прынамсі, мне, у тых абставінах і ў тым атачэнні, бачылася, як з чыстых абстракцыяў, якія пад рукою майго сябра-іпахондрыка ўвасабляліся на палатне, нараджалася найглыбейшая і невыносная жуда, ні ценю якое я ніколі не адчуваў, сузіраючы безумоўна бліскучыя, але ўсё ж занадта канкрэтныя відзежы Фюзелі*.
Адзін з фантасмагарычных твораў майго сябра, не такі немагчыма абстрактны, як іншыя, можна, хоць і ў невялікай ступені, пераказаць словамі. Маленькая