яго багатай стайні насілі вельмі трапныя мянушкі. Стойла новага ўлюбёнца месцілася воддаль ад стайні, а што да догляду, дык ніхто, апроч гаспадара, не насмельваўся наблізіцца да жывёліны ці хаця б увайсці да яе ў загарадзь. Заўважылі таксама, што хоць тры стайнікі, якія злавілі каня, калі ён ратаваўся ад пажару ў Берліфітцынгаў, і здолелі затрымаць яго з дапамогай ланцуговай аброці і аркана, ніводзін з іх не мог дакладна сказаць, што ў час небяспечных ловаў ці пасля яму давялося хаця б дакрануцца да цела пачвары. Праявы своеасаблівага розуму ў паводзінах высакароднага і гарачага скакуна наўрад ці маглі абудзіць празмерную цікаўнасць, асабліва сярод людзей, якія штодня дапамагалі на паляваннях і таму прызвычаіліся да праніклівасці коней, але асобныя выпадкі ўражвалі нават самых абыякавых скептыкаў: хадзілі чуткі, што часам жывёліна, шматзначна і выразна тупаючы жудасным капытом, прымушала натоўпы цікаўных у ціхім жаху разбягацца, і тады нават сам Метцэнгерштэйн бляднеў і нібыта курчыўся пад рэзкім, пранізлівым позіркам сур’ёзных і амаль чалавечых вачэй.
Аднак ніхто са світы барона не сумняваўся ў шчырасці незвычайнае прыхільнасці, з якой малады дваранін ставіўся да гарачага наравістага каня, – ніхто, апроч, бадай, нікчэмнага брыдкага пажа, якім усе пагарджалі і чыё меркаванне лічылася менш чым нязначным. І вось ён (калі яго думкі ўвогуле вартыя згадкі) меў нахабства сцвярджаць, што гаспадар ніколі не заскоквае ў сядло без невытлумачальнага і амаль незаўважнага трымцення і што, вярнуўшыся са звыклай ужо доўгай коннай прагулкі, барон нават не хавае выразу злоснага трыумфу, які скажае ўвесь яго твар.
У адну рабінавую ноч Метцэнгерштэйн абудзіўся ад цяжкага гнятлівага сну, з вар’яцкай хуткасцю спусціўся ўніз і, паспешліва ўскочыўшы на каня, рушыў у лясныя нетры. Начныя прагулкі былі звыклай справай, а таму ні ў кога не выклікалі здзіўлення. Аднак калі праз некалькі гадзінаў тоўстыя велічныя муры замка Метцэнгерштэйнаў пад націскам шчыльнай сіняватабарвовай сцяны нястрымнага агню пачалі трэскацца і задрыжалі да самага фундаменту, дамашнія барона пачалі чакаць яго з вялікім нецярпеннем.
Пажар убачылі толькі тады, калі ён зрабіўся неадольным, таму ўсе высілкі ўратаваць хаця б частку будынка былі марнымі, і ўражаныя суседзі маўкліва стаялі побач. Але хутка ўвагу натоўпу забрала новае вусцішнае відовішча, якое засведчыла, што чалавечая агонія захоплівае пачуцці людзей нашмат больш, чым жахлівае разбурэнне нежывое матэрыі.
У канцы доўгіх прысадаў векавых дубоў, што вялі з лесу да параднага ўваходу ў замак, з’явіўся конь, які нёс вершніка без капелюша і ў расхрыстаным убранні. Ён ляцеў так імкліва, што мог абагнаць самога дэмана навальніцы, і аслупянелыя відавочцы мімаволі выгуквалі: «Якая жудасць!»
Вершнік не мог ні спыніць, ні ўтрымаць гэты шалёны кар’ер. Скажоны агоніяй твар і сутаргавыя рухі цела сведчылі пра звышчалавечае напружанне, аднак, апроч самотнага крыку, ніводзін гук не вырваўся са змучаных і скусаных у неадольным