Эдгар Алан По

Маска Чырвонае Смерці (зборнік)


Скачать книгу

яго ілбе добра відаць выпаленыя літары В, Ф і Б, – умяшаўся другі стайнік. – Вядома ж, я падумаў, што гэта ініцыялы Вільгельма фон Берліфітцынга, але ўсе ў іх замку сцвярджаюць, нібыта ніколі гэтага каня не бачылі.

      – Проста неверагодна, – безуважна прамовіў барон, а думкі яго, відаць, луналі дзесьці далёка. – Маеце рацыю, конь цудоўны і нават дзівосны, хаця характар у яго, без сумневу, недаверлівы і непакорны… Добра, хай застаецца ў мяне, – дадаў ён, падумаўшы. – Такі вершнік, як Фрэдэрык з Метцэнгерштэйнаў, зможа ўтаймаваць нават д’ябла, калі ён знойдзецца ў стайнях Берліфітцынгаў.

      – Вы памыляецеся, уладару. Здаецца, мы сказалі, што конь гэты не з графскіх стайняў. Бо калі б ён належаў графу, мы не схібілі б і не дазволілі сабе з’явіцца з ім перад кімсьці з вашай высакароднай сям’і.

      – Так, безумоўна, – суха адзначыў барон, і ў тое ж імгненне да яго падбег расчырванелы паж спачывальні. Ён зашаптаў на вуха гаспадару нешта пра нечаканае, неверагоднае знікненне невялікага кавалка габелена ў пакоі, дзе ён служыў. Аднак, апісваючы падрабязна час і акалічнасці здарэння, ён гаварыў так ціха, што ніводны гук не падараваў стайнікам мажлівасці задаволіць цікаўнасць.

      Размова, відаць, моцна ўсхвалявала маладога Фрэдэрыка, абудзіўшы ў ім самыя розныя пачуцці. Аднак ён хутка ўзяў сябе ў рукі і калі ўладна загадваў зараз жа замкнуць пакой з габеленам, а ключы перадаць яму, твар яго быў рашучы і злосны.

      – Ці чулі вы пра няшчасную смерць старога паляўнічага Берліфітцынга? – спытаў у барона адзін з васалаў, калі паж сышоў, а вялізнага загадкавага скакуна, якога дваранін прызнаў сваёй уласнасцю і які цяпер з падвойным, звышнатуральным шаленствам упарціўся і вырабляў курбеты, павялі доўгімі прысадамі, што цягнуліся ад замка да стайняў Метцэнгерштэйнаў.

      – Не! – адказаў барон, рэзка паварочваючыся да суразмоўцы. – Памёр, кажаце?

      – Так, памёр, уладару, і здаецца мне, што весткі гэтыя будуць для вашае высакароднае сям’і не такімі ўжо непрыемнымі.

      На прыгожым твары барона праслізнула хуткая ўсмешка – вельмі незвычайная і шматзначная:

      – Як ён памёр?

      – Неабачліва кінуўся ратаваць сваіх улюбёнцаў з паляўнічай стайні і, на жаль, загінуў у агні.

      – Гэта праўда?! – усклікнуў барон, нібы паступова пачынаючы разумець, што нейкая ідэя, якая дзівіла і ўражвала яго, пацвердзілася.

      – Праўда! – адказаў васал.

      – Неверагодна, – абыякава сказаў юнак і ціха вярнуўся ў замак.

      З таго дня паводзіны маладога распуснага барона Фрэдэрыка фон Метцэнгерштэйна прыкметна змяніліся. Ён падмануў усе чаканні і моцна падвёў тых мамак, што даўно плялі свае сеткі, аднак яго новыя звычкі і манеры яшчэ менш, чым раней, адпавядалі патрабаванням суседзяў-арыстакратаў. Яго больш не бачылі за межамі маёнтка, у вялікім свецкім таварыстве ён пазбягаў любое кампаніі, і толькі надзвычайны парывісты конь колеру агню, ад якога барон не адыходзіў ні на крок, загадкавым чынам узурпаваў