Эдгар Алан По

Маска Чырвонае Смерці (зборнік)


Скачать книгу

align="center">

      Маска Чырвонае Смерці

      Чырвоная Смерць ужо даўно спусташала краіну. Ніводная пошасць не была ніколі такая згубная й такая агідная. Кроў была яе ўвасабленнем і яе пячаткаю – чырвань і жудасць крыві. Спачатку востры боль і раптоўная помарач, пасля з усіх пораў пачынала сачыцца кроў, пакуль не наставаў смяротны распад. Пунсовыя плямы на целе, асабліва на твары, былі кляймом пракляцця, якое пазбаўляла ахвяру людское дапамогі й спагады. I ўвесь гэты поступ хваробы, ад першых азнакаў да жахлівага канца, працягваўся паўгадзіны.

      Але князь Праспэра быў шчаслівы, адважны й празорны. Калі ягоныя ўладанні былі выгубленыя напалову, ён прыклікаў да сябе тысячу дужых і легкадумных сяброў спасярод рыцараў і паннаў свайго двору і з імі адышоў у глыбокую адлюднасць аднаго з сваіх умацаваных кляштараў. Гэта была раскошная й велічная пабудова, твор князевых дзівацкіх і шляхетных густаў. Навокал бараніў яе магутны й неадольны мур. У муры былі жалезныя брамы. Вяльможныя ўцекачы ўзялі з сабою кавальскія горны й малаткі і, увайшоўшы, залітавалі ўсе засаўкі. Яны пастанавілі не пакінуць ніякіх магчымасцяў ні для ўваходу, ні для выхаду раптоўным прыступам роспачы ці вар’яцтва сярод тых, хто застаўся ў мурох. Кляштар быў шчодра забяспечаны. Належна засцярогшыся, княжы двор мог не зважаць на пагрозу заразы. А свет за мурамі хай сам пра сябе дбае. Тым часам было глупствам засмучацца або думаць. Князь паклапаціўся пра ўсе магчымыя забавы. Там былі блазны, імправізатары, балет, музыка, Прыгажосць, віно. Усё гэта й надзейная бяспека былі ў мурох. Вонках іх была Чырвоная Смерць.

      Калі набліжаўся да канца пяты або шосты месяц кляштарнага замкнення й калі пошасць навокал лютавала найстрашней, князь Праспэра сабраў тысячу сваіх сяброў на маскаваны баль незвычайнае пышнасці. Маскарад гэты быў найдзівоснейшым відовішчам. Але дазвольце мне найперш апісаць пакоі, у якіх ён адбываўся. Іх было сем – велічная анфілада. Шмат у якіх палацах, аднак, гэтыя анфілады складаюць доўгую й простую перспектыву, а дзверы рассоўваюцца на абодва бакі амаль да самых сценаў, так што скразны від усяе чарады пакояў нічым не затуляецца. Тут жа была зусім іншая рэч; як і можна было спадзявацца, уважаючы на князеву схільнасць да ўсяго bizarre.[14] Пакоі былі размешчаныя так бязладна, што за раз можна было ахапіць зрокам крыху больш за адзін. Праз кожныя дваццаць або трыццаць метраў быў круты паварот, і за кожным паваротам хавалася непрадбачанасць. Справа й злева, пасярэдзіне кожнай сцяны высокае й вузкае гатычнае акно выходзіла на крыты калідор, які паўтараў выгіны анфілады. Вокны гэтыя былі аздобленыя вітражамі, колер якіх мяняўся адпаведна з пераважным тонам розных пакояў. Крайні ўсходні, прыкладам, меў блакітную абставу – і ярка-сінія былі ў ім вокны. Другі пакой быў барвовы ў сваёй аздобе й шпалерах, барвовыя былі й шыбы. Трэці быў скрозь зялёны, гэткія ж былі й вокны. Чацверты быў абстаўлены й аздоблены ў памаранчавы колер – пяты ў белы – шосты ў ліловы. Сёмы пакой быў атулены шчыльна чорным аксамітам,