што для касцёла няма паняткаў «свой» ці «чужы» – усе людзі роўныя перад Богам. Таму ордэн падчас вайны даваў прытулак усім, хто прасіў нашай дапамогі. Не зразумейце мяне няправільна, пане сенатару, – брат Крыштоф лёгка нахіліў галаву ў бок Міхала, – але былі сярод такіх і жаўнеры Напалеона.
– Ні ў якім разе. Вашая міласэрнасць робіць вам гонар, – Міхал пакланіўся ў адказ.
– Я хачу расказаць вам пра адзін дзіўны выпадак, што адбыўся падчас нядаўняга адступлення.
Плябан адклаў прыборы, зрабіў глыток віна з келіха і працягнуў: – За некалькі дзён да бамбардавання ў наш кляштар прынеслі параненых салдат. Мы размясцілі іх у нашым шпіталі, пад які давялося прыстасаваць яшчэ і некалькі манаскіх келляў. Сярод параненых быў афіцэр у цяжкім стане. Выбухам яму адарвала руку, і да таго ж ён пакутаваў ад ліхаманкі. Паранены быў неспакойны і трызніў. Браты па чарзе дзяжурылі пры ягоным ложку. Але час ад часу стан афіцэра паляпшаўся, і ён мог гаварыць. Дык вось, аднойчы, калі падышла мая чарга глядзець за параненым, афіцэр быў у прытомнасці і паміж намі адбылася гутарка. Ён сказаў, што яго завуць Мартэн Кале і родам ён з Валоніі. Даведаўшыся, што і я таксама ўраджэнец тых земляў, афіцэр вельмі ўзрадваўся. Не ведаю, ці таму віной ліхаманка, ці проста радасць ад сустрэчы з земляком, але тады Мартэн прызнаў мяне за свайго далёкага суродзіча. Я не стаў яму пярэчыць, бо разумеў, што гэта мо апошняя радасць у ягоным жыцці. Мартэн доўга расказваў пра свой дом, сям’ю і пра тое, як я нібыта прыязджаў да яго ў госці. Я сядзеў пры ложку і праціраў вільготнай анучай ягоны гарачы лоб. Праз некаторы час афіцэр змоўк, і я падумаў, што ён хоча адпачыць. Я ўжо збіраўся адысці, але Мартэн раптам схапіў мяне за руку і пацягнуў да сябе. Ён прашаптаў мне: «Крыштоф, паслухай мяне. Ты павінен паверыць мне. Гэта ўсё прывід. Прывід пракляў мяне, і цяпер я паміраю. Я… мы былі ў Маскве. Пад Масквой. Мы знайшлі там… Я раскажу…» Тое, што ён апавёў мне тады, было надзвычай цікавым і… – Крыштоф на імгненне задумаўся, – …і страшным.
Усе, хто сядзеў за сталом, даўно перасталі есці і ўважліва слухалі плябана. Ні стукату прыбораў, ні шоргату і рухаў, поўная цішыня. Калі плябан змоўк, каб зрабіць яшчэ адзін глыток віна, у пакоі можна было пачуць, як патрэскваюць агеньчыкі на свечках у насценных свяцільнях.
– Мартэн расказаў мне пра сакрэтны атрад, які складаўся з адных толькі афіцэраў і ў якім быў ён сам. Кіраваў атрадам Жазэ дэ Венон – археолаг з Парыжа, якому на вайне надалі капітанскае званне. Наколькі я зразумеў, мэтай гэтага атрада быў пошук скарбаў расійскіх цароў у захопленай Маскве. У тым ліку яны шукалі знакамітую бібліятэку Івана Жахлівага. Атрад быў раскватараваны на тэрыторыі маскоўскага крамля. Штодзень Мартэн займаўся тым, што разам з іншымі афіцэрамі лазіў па крамлёўскіх падзямеллях, перабіраў каменне, пераварочваў горы смецця ды струхлелага ламачча. Гаворачы гэта мне, Кале з вымучанай усмешкай заўважыў, што іх кіраўнік – капітан дэ Венон – сур’ёзна называў усю гэтую брудную працу археалагічным вышукам. Мартэн расказаў, што аднойчы,