Уладзімір Садоўскі

1813 (зборнік)


Скачать книгу

толькі свяціла, цяпер добра прыпякала. З палёў паступова пачаў сыходзіць снег, ад чаго ўсе навакольныя дарогі ператварыліся ў брудныя ручаі. Лясы, вызваліўшыся ад марознай скаванасці, сустракалі першыя павевы цёплых заходніх вятроў ветлівым шапаценнем галінак. У паветры лунаў дух вясновага адраджэння.

      Міхал Клеафас Агінскі гасцяваў у дзядзькі трэці тыдзень. У хуткім часе граф збіраўся пакінуць замак і выправіцца дадому. Пра гэта ён напісаў у Санкт-Пецярбург жонцы. Міхал не губляў сувязі са сталіцай – амаль штодзень ён пісаў лісты і адсылаў іх з пасыльным на найбліжэйшую паштовую станцыю ў Будслаў. Конюх на старым Бакасе спраўляўся з гэтай задачай за светлавы дзень, і да заходу сонца ў руках графа з’яўлялася новая карэспандэнцыя з Пецярбурга.

      Міхал сядзеў за бюро ў сваім пакоі і завяршаў чарговае пасланне да жонкі. Граф любаваўся заходам сонца праз вузкае акно, калі пачуў гоман, што даносіўся з унутранага дворыка замка. «Пэўне, Ерамей са станцыі вярнуўся», – падумаў Агінскі. Ён падняўся, накінуў на плечы жупан і спусціўся ўніз. На двары Міхал убачыў вершніка на кані, якога шчыльна абступілі людзі. Агінскі пазнаў старога Бакаса. Конь быў неспакойны, ён гучна чмыхаў і часта пераступаў нагамі. Мужчыны з дваровых дапамагалі конніку спусціцца, а жанчыны жаласліва галасілі. Граф падышоў бліжэй.

      – Нясіце яго ў палац! – загадаў Шыдлоўскі.

      Двое з Ерамеем на руках прайшлі міма Міхала. Конюх быў цяжка паранены. Ягоная правая калашына ўся набрыняла крывёй. Чырвоная вадкасць вялікімі кроплямі падала на дваровы брук. Хлопец стагнаў і нешта мармытаў сабе пад нос.

      – Ён цапнуў мяне. Цапнуў. За нагу. Цапнуў, – данеслася да графа.

      – Ды хто ён? Адкажы ты, – гучна спытаў кашталян.

      – Француз! Цапнуў мяне. Шалёны француз, – енчыў Ерамей.

      – Які такі француз? Сабака французскі?

      – Француз! Ён мяне цапнуў! – працягваў лапатаць конюх.

      Ерамея прыцягнулі на кухню, дзе паклалі на лаву каля цэбара з вадой. Шыдлоўскі, які ўзяў на сабе абавязкі лекара, загадаў слугам набраць кіпню, падаць медавухі і прынесці які-колечы чысты інструмент. Загад быў выкананы адразу ж. Спачатку кашталян уліў чарку ў перасохлыя вусны Ерамея, потым узяў нажніцы і адрэзаў набрынялую крывёй калашыну, каб агледзець рану. На сцягне конюха барвавеў глыбокі след ад укусу. Нечыя зубы пракусілі скуру і адарвалі шматок мяса. Уся нага конюха была чорнай ад крыві, і крывацёк яшчэ не прыпыніўся. Шыдлоўскі вяроўкай туга перацягнуў сцягно над ранай, узяў змочаную анучу і пачаў абмываць месца ўкусу.

      – Гэта не сабачая хватка, – здзіўлена прагаварыў кашталян. Конюх усхліпваў і якатаў.

      Калі ўдалося спыніць кроў, рану перавязалі, а пацярпелага перанеслі на ложак. Ерамею стала лепш, ён супакоіўся і змог нарэшце расказаць, што здарылася: – Французскі салдат. Ён выйшаў з лесу. Адзін. У драным мундзіры, без шапкі. Я не паспеў ачомацца, як ён кінуўся да мяне і ўхапіўся за нагу. Ён цапнуў мяне зубамі. Проста як сабака. Зусім ашалеў. Я закрычаў.