Іван Сяркоў

Мы – хлопцы жывучыя


Скачать книгу

, неба на захадзе пачынае чырванець, нібы бярэцца на мароз. Там немцы паляць вёскі. Па начах яны яшчэ прылятаюць бамбіць горад, і тады з акна нашай хаты відаць, як у тым баку блукаюць у небе ярка-блакітныя промні пражэктараў, як густую асеннюю цемрадзь пранізваюць трасіруючыя кулі і снарады. Агні то бягуць чародкамі адзін за адным, то рассыпаюцца па небе, як з сяўні. Такімі начамі ў нашай хаце ніхто не спіць. Жанчыны з пагарэльцаў шэпчуць малітвы, дзеці насцярожана прыслухоўваюцца да далёкага грукату. Мая бабка то пастаіць ля акна, то выбежыць на ганак, каб паслухаць, ці не ляцяць тыя гіцалі і сюды, і ўсё просіць бога, каб той адвёў ад нас бомбу, угаворвае папсаваць «іхнія ерапланы».

      Кожны дзень вяртаюцца з бежанцаў нашы аднавяскоўцы. Адны валакуць на сабе свае клункі, нясуць на руках дзяцей, другія, упрогшыся ўсёй сям’ёй, цягнуць па разбітай грузавікамі і танкамі дарозе саматужныя каляскі. У Палікарпа, што жыве на Хутары, уцалела карова, дык ён абвешаў яе пажыткамі і яшчэ малога зверху пасадзіў. Малы, абвязаны пад пахі матчынай хусткай, трымаецца аберуч за мяшок і ганарліва паглядае па баках: ага, верхам еду! А мы з хлопцамі стаім ды пасмейваемся. Знайшоўся данскі казак! Глядзі, каб рагаты скакун не ўпудзіўся.

      То на адно, то на другое пажарышча прыходзяць гаспадары, корпаюцца ў вуголлі, спадзеючыся нешта знайсці. Можа, чыгунок які не згарэў, можа, гліняны збан уцалеў. I мая бабка не адстае ад людзей: схадзіла на чужое папялішча і назбірала амаль не поўны фартух перагарэлых цвікоў.

      – Жывы пра жывое думае, – сказала яна, высыпаючы цвікі ў скрынку з розным патрэбным у гаспадарцы жалеззем.

      А я ні пра што не думаю. Мне добра на ўсім гатовым. Толькі і ведаю гойсаць па вуліцы, як той, што з ланцуга сарваўся. Няхай бы ўжо мой брат Глыжка біў лынды, дык таму дараваць можна. Бясштанька яшчэ. Ён толькі сёлета пайшоў бы ў школу, калі б не вайна. А я хлопец ужо вялікі, мне трынаццаць гадоў стукнула, бабка кажа, што вось-вось жаніць пара, але розуму і на бабульчынага паўкіпця не нажыў.

      Бабцы здаецца, што і мой прыяцель Санька Макавей, сын хахлушкі Марфешкі, таксама ветрагон. У нас абодвух наўме адно войска, што ідзе па шашы, у нашых галовах толькі танкі, як быццам не нагледзеліся на іх за вайну: спачатку – на нямецкія, цяпер – на свае. Дома двор разбураны, сенцы раскіданы, дык у мяне рукі адсохлі падняць на пажарышчы цвік і прыбіць хоць адзін аполак. Вось калі б нам з Санькам патроны давалі – іх бы мы, напэўна, з хлебам елі.

      Тут бабка, як заўсёды, павінна была яшчэ сказаць, што не будзе з мяне чалавека, але не сказала: пад акном свіснуў Санька.

      – Іван! Гайда самалёт нямецкі глядзець! Ноччу збілі!

      Бабка аж за сэрца схапілася. I не дзіва: Санька – лепшы свістун на нашай вуліцы. Закладзе чатыры пальцы ў рот ды як дзьмухне – мёртвы падскочыць. А вераб’і месца сабе на вербах не знаходзяць.

      – Каб цябе нячыстая сіла свіснула, ідал рагаты, – сказала бабка, а я тым часам выпырхнуў на вуліцу. Калі ўпаў нямецкі самалёт, то хіба ты будзеш думаць пра нейкія там цвікі і аполкі, пра разбураны двор і незасыпаную прызбу? Няхай старая ўжо як хоча злуецца, а бегчы трэба. Не пабяжыш – хлопцы і без цябе паадкручваюць і разбяруць усё самае лепшае, а ты застанешся так, будзеш потым сядзець без нічога.

      – Хутчэй! – нецярпліва махнуў рукой мой прыяцель і ўжо на хаду з зайздрасцю сказаў: – Васька Мамуля знайшоў там штось такое, як гадзіннік. Са стрэлкамі.

      Нам у твары б’е золкі вецер са снежнымі крупамі. З-пад ног разлятаюцца пырскі бруднай вады: на дарозе вялікія лужыны – не кожную пераскочыш. Але калі б з неба сыпалася каменне, і гэта б нас не спыніла. Не кожны дзень падаюць за нашым сялом нямецкія самалёты.

      Самалёт упаў далёка, за Лісінымі равамі ў лазе. Калі пойдзеш па вуліцы, то дасі кругаля ледзь не да хаты бязногага Цімоха, а там яшчэ лугам вярсты тры з гакам. Але цяпер такія хлопцы, як мы, па вуліцы не ходзяць. Дзе гуляе вольны вецер, там і нам ёсць дарога. Ні платоў табе, ні агароджаў, ні парканаў з варотамі. Варта дабегчы да Міронавага пажарышча, потым па двары, ад якога засталося адно абгарэлае шула, шмыгнуць у сад, пераскочыць цераз падсечаную снарадам грушу-спасаўку, і ты адразу апынешся на Малахавым агародзе.

      Тут немцы выкапалі глыбокі бліндаж. З Малахавай хаты яны зрабілі сцены і накат, а парэчкі перасадзілі на насып для маскіроўкі.

      З-пад накату выведзена бляшаная труба, з якой валіць шызы дым і ляцяць іскры. Хацелі мы з Санькам зазірнуць у амбразуру, паглядзець, хто там пасяліўся, але нічога не ўбачылі. У амбразуру ўстаўлена шыбка з кавалкаў замурзанага шкла і вісіць нешта падобнае на фіранку.

      За агародамі, у траншэях, процьма пустых нямецкіх гільзаў, большых і меншых, у стужках і насыпам, вінтовачных і ракетных. Але на гільзы мы цяпер і глядзець не хочам. Падумаеш, дабро! Абы толькі была ахвота, дык можна поўны мех назбіраць.

      А вось рознакаляровыя тэлефонныя правады – гэта рэч. З іх выходзяць цудоўныя каралі. Многія дзяўчаты такія носяць. Шкада, што ў нас часу няма, а то і мы з Санькам пашукалі б правадоў і нарабілі б караляў усім-усім: маёй бабцы, Санькавай матцы, цётцы Марыне.

      На вочы трапілася нямецкая каска. Санька па-заліхвацку падфутболіў яе нагой. Каска з бразгатам