Іван Сяркоў

Мы – хлопцы жывучыя


Скачать книгу

весці жарабка ў наш двор. Інакш мне дома было б ад бабкі на абаранкі. «Што? – спытала б яна. – Пакармілі цябе каля самалёта?» А так не паспела спытаць, бо я зайшоў у хату і адразу пахваліўся:

      – Баб, каня прывёў!

      – А вала ты не прывёў? – не паверыла яна, але ўсё-такі глянула ў акно. I ўсе, хто быў у хаце – свае і пагарэльцы, дарослыя і дзеці,– прыліплі да шыб.

      – Гля, і праўда! Конь!

      – Як з палону ўсё адно, – уздыхнула бабка. – I чым жа яго карміць?

      Дзед Мікалай таксама прыйшоў паглядзець на нашага з Санькам каня. Пакруціў свае сівыя вусы, патаптаўся, пагладзіў жарабка па спіне і сказаў:

      – Стрыгунок яшчэ. Калі людзі не знойдуцца, няхай расце.

      Нашы з Санькам планы на будучыню стрыгунка дзеду не вельмі спадабаліся.

      – Яшчэ што прыдумайце, – бурчаў ён, выскубваючы з грывы калючкі дзядоўніку. – Скакун! Не скакун, а карміцель будзе. Трапіць у добрыя рукі – пакорміць людзей хлебам. А вы хіба гаспадары? Ахламоны вы. Дай вам волю – замардуеце.

      Мы пакрыўджана маўчым. I нам ёсць чаго крыўдаваць. Ахламон – гэта чалавек, у якога ў галаве гуляе вецер. Дык няўжо і мы такія? I невядома яшчэ, хто хутчэй замардуе. Мы яго шкадаваць будзем. На дварэ цяпер холадна, і я накрыю стрыгунка нанач старой посцілкай.

      – На печ яго з сабой вазьмі,– параіла бабка. – А то штаны свае аддай, няхай носіць. Бач ты яго! Посцілку ўбачыў. Болей нічога твая галава не прыдумае?

      Але мы хлопцы ўпартыя. Не посцілку, дык мяшок у бабкі ціхенька ўзялі. А на другую раніцу, выпусціўшы з хлява стрыгунка пагуляць, пачалі яго прывучаць да баявога імя.

      – Буян! Буянчык! – крычым мы па чарзе з Санькам.

      Стрыгунок стаіць сярод двара, кашлаты, худы, панура апусціў галаву, адвесіў ніжнюю губу, а ў наш бок і вухам не вядзе.

      Калі хочаш вырасціць баявога каня, трэба набрацца цярпення.

      Добра ж мне, што я Іван

      Праз тыдзень-два пасля таго, як мы з Санькам прывялі ў наш двор стрыгунка, фронт пачаў сціхаць. Толькі начамі яшчэ гудуць самалёты і недзе далёка-далёка цяжка вухкаюць бомбы. Наш кульгавы сусед Захар Маляўка, ці, як завуць яго ўсе падлюбцы, дзядзька Скок, гаворыць, што фронт спыніўся на Дняпры і, напэўна, будзе там зімаваць. А дзядзьку Скоку можна верыць: у яго мужчынскі розум. Калі б такі розум нашай бабцы, яна б і бяды не ведала, хутка б знайшла на мяне з Глыжкам управу.

      I не так па Глыжку, як па мне сумуе бацькава папруга. Дзень пры дні я прападаю на поплаве за сваім агародам, дзе размясцілася зенітная батарэя. Спачатку мы з Санькам памагалі дзяўчатам-зенітчыцам капаць акопы, а потым закочваць у іх гарматы. Мы ўсё думалі, што за гэта нам дадуць па разу стрэліць. Вось бы добра было! Усе б хлопцы ад зайздрасці паўміралі. Але дзяўчаты – народ несур’ёзны. Калі ўсчалася трывога, нас патурылі з батарэі як міленькіх.

      – Во і добра, – пахваліла зенітчыц бабка. – А то я думала, што вы там наняліся, ці, можа, каторая прысушыла.

      Часта на начлег у нашай хаце спыняюцца салдаты. Адны з фронту ідуць, другія – на фронт. На жалезнай