Іван Сяркоў

Мы – хлопцы жывучыя


Скачать книгу

пра які пры немцах расказваў Буслікаў Косцік, таго танка, у якім усярэдзіне схавана яшчэ штук дзесяць танкетак, мы пакуль што не бачылі. Дык па нашай дарозе ён, можа, і не пройдзе, угрузне ў балоце, а то і зусім праваліцца пад зямлю. Дзіва, ці што, калі ён, мабыць, тысячу тон важыць?

      Мы стаім і ўглядаемся ў твары салдат: можа, майго ці Санькавага бацьку ўбачым, можа – камісара, якога хаваў ад немцаў нябожчык дзед Мірон. Усё можа быць.

      А салдаты на нас глядзяць. I не так, відаць, на нас, як на Санькаву шапку. Сям-там прапаленая ля вогнішчаў, сям-там падраная і па жывому, яна мае маляўнічы выгляд – быццам стог, раскалашмачаны бурай. Гэты стог увесь час налазіць Саньку на вочы, а той нястомна раз-пораз адкідвае яго на патыліцу. I ўсё гэта таму, што маці астрыгла Саньку, і вялікая бацькава вушанка стала яму яшчэ большай. Вядома, ён не хацеў стрыгчыся, доўга адбрыкваўся і ўпінаўся. Тады цётка Марфешка раззлавалася і – чык, чык яго, як авечку. Атрымалася радкамі: дзе гола, а дзе і тырчыць пучок.

      На тым беразе лужыны, пад вербамі, стаіць наш сусед дзядзька Скок у старым рудым кажушку, які яны носяць са Скачыхай і скачанятамі па чарзе. Кажушок дзядзьку кароткі і цесны, пад пахамі ён разышоўся па швах, і скрозь прарэхі тырчаць касмылі шэрай воўны. За вайну сусед зусім зблажэў. Па шчоках зверху ўніз пралеглі глыбокія барозны, а ў няголенай барадзе свецяцца белыя валасы. Праўда, Скок не прызнае сівізны. Па яго выходзіць, што ён масць змяніў: быў вараны, а стаў гняды.

      Днямі дзядзьку паставілі за старшыню сельсавета, і мая бабка гаворыць, што цяпер да яго на непадмазанай брычцы і не пад’едзеш, а нос і грабільнам не дастанеш, так задзярэ. I не так Скок, як сама Скачыха. Учора яна прыходзіла да нас прасіць рэшата і ўсё хвалілася: «Мой чалавек… мой чалавек». Цаны яму не магла знайсці.

      Але мы з Санькам не прывыклі яшчэ да таго, што Скок – высокае начальства, і пад’ехалі да яго без брычкі, пешкі абышлі лужыну і сказалі:

      – Добры дзень.

      – Здаровы былі, калі не жартуеце, – па-свойску адказаў ён і заскакаў на месцы, стукаючы ад холаду нагой па назе.

      Калі дзядзьку абрыдла скакаць, ён наставіў ад ветру каўнер і даволі зычліва растлумачыў нам, што хутка міне кату масленіца, а нам з Санькам – дурніца. Калі нас не пасадзіць за кніжкі – вырасцем пні пнямі. I няхай мы не думаем, што і ён тут ловіць варон, як некаторыя разявы, – ён ловіць машыну, каб прывезці хоць некалькі жэрдак ад разбітага бомбай Ахонькавага гумна, пакуль іх не расцягнулі на дровы. Трэба ж хоць старую школу, былую воласць, прывесці ў нейкі парадак. Так дзядзьку Скоку загадана. Кім загадана, сусед не сказаў. Але мы і самі здагадаліся: яшчэ вышэйшым за яго начальствам.

      I як толькі палутарка, ці «студабекер», прытарможвае перад лужынай, Скок жвава кульгае да кабіны і пачынае дудзець, нібы ў дудку:

      – Таварыш камандзір, таварыш камандзір! Тут бы пару палак прывезці, мой татка. Страху на дзве мінуты.

      Камандзірамі ён называе ўсіх, нягледзячы на тое, ёсць што на пагонах ці няма. Мы з Санькам пасмейваемся: старшыня сельсавета – і не можа адрозніць камандзіра ад радавога. А ён з нас дзіву