Іван Сяркоў

Мы – хлопцы жывучыя


Скачать книгу

абыякава махае рукой і з пачуццём уласнай годнасці заўважае:

      – Вачам не прыгожа, затое душы радасна.

      Я прыціхаю, а Глыжка не сунімаецца. Замурзаны да самых вачэй, у зрэбных латаных штоніках на адной шлейцы, ён скача на прымурку і гыгыкае:

      – Гы-гы-гы, улашавец!

      Ну, гэта ўжо ліха ведае што! Тут нават я цыкнуў на малога, каб прыкусіў язык. А ў бабкі аж рукі апусціліся. Як падвязвала фартух, так і кінула не падвязаўшы. Ад крыўды ў яе задрыжалі губы, але голас зрабіўся такі лагодны, такі пяшчотны, быццам яна немаведама як узрадавалася, што яе так назвалі.

      – Во дзякуй табе, мой унучак даражэнькі, во і дачакалася я, мой саколік, ад цябе ласкі…

      А сама, папраўляючы стары дзяркач, ідзе міма печы на кут – збіраецца падмятаць хату.

      – Я думала, маё сонейка, што памру і добрага слова ад цябе не пачую.

      Глыжка нават разгубіўся: то на мяне зірне, то на бабулю і не можа зразумець, чаму гэта яна так мякка сцеле. Можа, бульбянога каржа зараз дасць, ці што? А калі ўгледзеў, што каржом тут і не пахне, дык было позна: пакуль шукаў нагой пячурку, каб ускочыць на печ, дзяркач разы два прайшоўся па яго штоніках.

      – А во табе – салдат! А во табе – уласавец!

      Трэці раз венік хвасянуў па голай чарэні: «саколік» сядзеў ужо за комінам.

      – Вось прыйдзе бацька з вайны, ён табе пазбівае рогі, ідал! – прыгразіла напаследак бабка. Глыжка з-за коміна адказаў ёй доўгім, залівістым кашлем. Знізу яго падтрымаў я:

      – Кгу-кгу-кгу!

      Фельчара ў вёсцы няма, і лячыць нас некаму. Фельчара расстралялі немцы яшчэ ў сорак першым разам з апалчэнцамі. Па шаптуху ісці далёка, ды яна і не пойдзе дарма. I бабка лечыць нас сама.

      Калі ў яе адлегла ад сэрца, яна ўнесла з сенцаў поўны прыпол сухіх ваўчкоў, натаптала іх у шчарбаты чыгун і, заліўшы вадою, паставіла ў печ.

      Ваўчковы адвар, на думку бабкі,– першы сродак ад кашлю. Ніякія дактары і ніякія фельчары табе так не памогуць, як ваўчковы адвар.

      Я не хацеў лячыцца і пачаў апранацца.

      – Ты гэта куды? – стала на парозе бабка.

      – Буянчыку сена падкіну.

      – Сядзь. Без цябе паклала. Гаспадар знайшоўся.

      Бабка ведае нашы конікі. Мы з Глыжкам – вялікія асэсары. Перад намі трэба шапку здымаць, каб пілі такое добрае і карыснае лякарства.

      А яно ўжо стаіць на стале і дыміць густой парай, і Глыжку ветліва запрашаюць з печы:

      – Злазь, пярхун!

      Заадно і цётка Пёкла зганяе сваю плойму: Косціка, Мішку, Кацю і Маньку.

      Глыжка, каб не піць адвару, знаходзіць сто адгаворак: то яму горача, то яму многа, то ў яго ўжо і кашаль прайшоў, то ў яго жывот забалеў. Нічога – ваўчкі і жывату памагаюць. Ад бабкі не адкруцішся. Яна стаіць над душой і сочыць за кожным глытком. Мы моршчымся ад гаркаты, а бабка толькі дзівіцца:

      – Што – не соладка?

      Каб паддаць нам ахвоты, яна і сама, хоць і не кашляе, выпівае карэц-другі гаркаватага варыва, ды яшчэ і пацмоквае, быццам гэта ёй мёд.

      – Піце, піце, не вычварайце – усё як рукой здыме.

      Учора танкісты пачаставалі нас