Іван Сяркоў

Мы – хлопцы жывучыя


Скачать книгу

пад нагамі рыпучы снег, тонка скуголяць палазы. Я бясконца то цмокаю, то нокаю на Буянчыка. Яго бакі ходзяць нібы кавальскія мяхі, з мокрай, потнай спіны валіць пара – хутка ўгрэўся. Каб хоць падкаваны быў, а то коўзаецца і коўзаецца, не можа як след напяцца. Калі дарога ідзе на ўзгорак, жарабок зусім выбіваецца з сілы, раз-пораз спыняецца, цяжка сапе, увесь дрыжыць ад натугі. Тут даводзіцца ўпрагацца і самому. Затое з горкі можна і пад’ехаць, прымасціўшыся побач з дзядзькам, накрытым з галавой саматканай посцілкай. З гары санкі бягуць самі, б’юць перадком Буянчыку па нагах, хамут налазіць яму на вушы.

      – Гэй, варушыся, малы!

      Абапал вуліцы замест дамоў закураныя сцены камяніц. Вольна гуляе ў руінах вецер, барабаніць кавалкам іржавай бляхі, што вісіць на самым карнізе былой пошты.

      Адна за адной мяне абганяюць машыны. У кузавах заснежаныя, як дзяды-марозы, салдаты панастаўлялі каўняры кажухоў, пахавалі рукі ў рукавы.

      Затым пайшлі цягачы з гарматамі, грузавікі з накрытымі брызентам кузавамі. Во сіла, дык сіла! Не, не тая, як казаў дзядзька, цяпер геаграфія.

      На скрыжаванні дзвюх вуліц махае сцяжкамі дзяўчына ў белым вайсковым кажушку, у валёнках і з карабінам за спінай. I так у яе прыгожа выходзіць, што я аж рот разявіў і тут жа ледзь не трапіў пад колы машыны. Грузавік, аб’язджаючы мае санкі, па восі зашыўся ў снег, рыкнуў усім сваім жалезным нутром, напусціў дыму і паехаў далей, а рэгуліроўшчыца наляцела на мяне.

      – Куды прэшся? Куды прэшся? Ану – звярні сваё кацяня! Ух ты – храбрая. Разышлася, як халодны самавар. Буянчык – ёй кацяня. Бачылі мы такіх. Усё гэта я хацеў ёй сказаць, але прамаўчаў, узяў жарабка за аброць і з’ехаў з дарогі ў снег.

      А машыны ідуць і ідуць, дзьмухаюць мне ў твар бензінавым чадам, замятаюць снежным пылам. Буянчык пужліва водзіць вушамі, быццам збіраецца ўпудзіцца.

      Не пяспела мінуць калона, як рэгуліроўшчыца падбегла да санак.

      – Ты што – аслеп? У цябе вочы павылазілі, жаўтароцік?

      I раптам, глянуўшы на доўгія дзядзькавы ногі, што тырчалі з-пад посцілкі, асеклася, заплюскала белымі ад інею вейкамі.

      – Бацька?

      Я быў сярдзіты на яе. Толькі што і кацяня, і жаўтароцік, а цяпер, бачыце, спачувае.

      – А табе што?

      Глянуў на дзядзьку – ці не згубілася шапка? – і цмокнуў на Буянчыка.

      На былым аэрадроме лётчыцкія дамы глядзяць пустымі праваламі акон. Скрозь праломы ў сценах відаць разбураныя лесвіцы; абгарэлыя жалезныя бэлькі пакурчыліся ў агні пажару. На цаглянай сцяне выведзена белай крэйдай: «Мин нет». Сярод руінаў на дроце гойдаюцца акасцянелыя споднікі і ручнікі: вымярзаюць пасля мыцця. Глядзі ты – нават тут, сярод гэтага халоднага камення, жывуць людзі!

      К вечару разгуляўся вецер. У полі цераз дарогу бягуць белыя ўспененыя ручаіны снегу. Мой жарабок зусім змардаваўся, спатыкаецца, як сляпы, спыняецца на кожным кроку, ужо двойчы падаў на пярэднія ногі. Заспее ноч, саб’ёмся з дарогі – тады бяда. Або замерзнем, або – ваўкі. Кажуць, што яны зараз гуляюць начамі і ў полі, і нават па сяле. Наша суседка Чмышыха, якую мы