Васіль Якавенка

Пакутны век. Трылогія


Скачать книгу

местачкоўцаў, сялян, і на яўрэяў, занесеных сюды яшчэ вятрамі сярэднявечча. Асобныя старонкі адкрывалі вытокі знаёмых яму з’яў, уражвалі значнасцю і драматызмам тагo, што рабілася на гэтай зямлі.

      У пакручастыя гістарычныя часы Моталь трапляў пад уладу і апекаванне розных дзяржаў, у асноўным Польшчы, Масковіі… Мясцовыя жыхары лічылі сябе грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага, і пагатоў – за польскай каралевай Бонай яны набылі права мяшчанства, што практычна рабіла іх вольнымі людзьмі, так бы мовіць, прадпрымальнікамі; за імператрыцай Кацярынай сталі дзяржаўнымі сялянамі, плацілі падаткі ды зноў жа ўнікалі прыгону, і таму яны ў хуткім часе пачалі адрознівацца ад прыгонных сялян навакольных вёсак нават знешне і ў зносінах з шырокім светам вызначаліся добрым норавам, кемлівасцю.

      Далей, праўда, матэрыяльнае становішча тутэйшага люду пагаршалася, і ўжо на вачах у даследчыцы М. Саковіч многія гібелі, не маючы зямлі, гаспадаркі – перабіваліся выпадковымі заробкамі. Прычым, пісала Саковіч, «яўрэі да такой ступені эксплуатавалі іх, што некаторых загналі ў кабалу на ўсё жыццё. У селяніна, напрыклад, у сярэдзіне зімы выходзіць хлеб – трэба купляць, а грошай няма; ідзе да камісіянера, які наймае рабочых на сплаў лесу, бярэ грошы пад вялікія працэнты і бярэ абавязацельства адпрацаваць з надыходам вясны; цягне лямку небарака, ды за адзін раз усяго, што павінен, не адпрацуе, і даводзіцца яму ісці на наступны год рабіць ужо задарма, а цяжкое становішча прымушае зноў пазычаць, працэнты растуць, і такім чынам селянін заблытваецца… Апошнім часам жыхары Моталя дужа збяднелі, бо яўрэі не давалі ім грошай пад вексалі, а замест працэнтаў бралі або засевы, або што-колечы з дамашняй скаціны – каня ці карову, а пад заклад выдадзенай ім сумы патрабавалі дамы ці іншыя збудаванні. Рэдкі моталец вольны ад кабальных пазык… і жыды, – зазначала яна, – давёўшы справу да гвалту, прадаюць усю маёмасць з малатка. Маталяне прызвычаіліся да гэтага так, што словы «пышы на мэні» (гэта значыць запісвай у лік маёй пазыкі) нават увайшлі ў пагаворку. Лепшую частку мястэчка яўрэі прысвоілі сабе. Яны пасяліліся часткова ў хатах сялян, пацясніўшы іх за даўгі на самы край пaселішча. Былога калісьці дабрабыту анізвання, і нельга не пашкадаваць гэтых людзей, што спакон веку прывыклі да матэрыяльнай незалежнасці, да свабоды, высакародны знак якой на сабе і цяпер носяць; ён жа выяўляецца ў шырокай чыннай натуры мотальца, асабліва ранейшых, лепшых часоў».

      То ці мог Барыс Рамановіч адвярнуцца ад падобнай гісторыі? Ён пачуваў у сваёй душы пратэст і абавязак нітаваць мінулае з cучасным у жыцці маталянаў, клапаціцца не толькі пра сваю сям’ю. А ў свядомасці не раз паўставаў малюнак з дошкамі над паняволеным людам, тымі дошкамі, на якіх балююць чужакі: расейцы, палякі, жыды… І такі шырокі клопат спалучаўся ў яго, бадай, з дакляраваным камуністамі ўладкаваннем жыцця, дзе кожны дбае не толькі пра сябе. Таму і выспела ды выразна акрэслілася думка: стварыць канкурэнцыю мясцовым гандлярам, якія, маючы манаполію на пастаўку тавараў, трымалі цэны ў сваіх руках.