што рахуба абяцала яму добры прыбытак. Уткнуўшыся на момант невялікімі мітуслівымі вочкамі ў Барысаў пагляд, глыбокі і доўгі, ён усміхнуўся:
– Мёд – скарб спрадвечны. Проша, пане, у хату!
Яны селі за стол, накрыты белым абрусам, узялі па келіху.
– За здароўе пчаляра селяніна Пятра Рамaновіча! – абвясціў Клямка.
– Дзякуй, пане дабрадзею! Такіх людзей, як мой бацька, сапраўды мала, і яны мацуюць падмурак, на якім мы седзімо.
– Ото ж, ото ж, святая праўда!
Закусвалі хлебам з салам, пахучым мёдам з салёнымі агуркамі.
– Такія людзі – як дойліды. Не тое што мы з вамі!
– А што – мы?..
– Бы тыя вусені на капусце! – пацвельваючы, сказаў Барыс.
Вочы ў Клямкі пашырэлі.
– Гм… Бачу, млоды пан не знайшоў для сябе вартага занятку ў польскай дзяржаве?
– Напэўна… Толькі мне хацелася б зразумець, пане Клямка: што такое «варты занятак»? І ці вартым жыцця, скажам, было тое, чым займаліся тут, у Парэччы, паны Скірмунты, дзед і бацька яснавяльможнага пана Рамана?
– То Скірмунты стварылі вытворчасць, якую парушыла вайна. Суконная фабрыка вывезена.
– Так, але ж я ўдакладню пытанне: ці варта мне, скажам, нажываць дабро і быць панам сабе і людзям, быць, напрыклад, памешчыкам Скірмунтам?
– О-о, пся маць, чаго захацеў млоды хлоп, га? Цікава ж, якая планіда прадвызначае твой шлях у жыцці?
– Я пра гэта не ведаю. Але ў той мой прыезд сюды, пане дабрадзею, я меў сустрэчу з панам Раманам Скірмунтам, і пасля працяглай размовы з ім у мяне ўзніклі пытанні.
– Да яго?.. Але ж, ён цяпер у Варшаве. Маёнткам правіць ягоная сястра.
– Пане а пане, пытанне да вас: ці варты чалавечай годнасці ваш занятак? Як купец вы шукаеце свой інтарэс і на тым спакваля нажываеце сабе капітал? Добра гэта ці не? І ці мае чалавечую годнасць памешчык Скірмунт, на якога працуюць сяляне? Як лічыце?
У Клямкі вочы яшчэ больш акругліліcя, і ён прашаптаў:
– Свента Марыя! Што я чую: ты камуніст?..
Барыс вытрымаў яго дапытлівы позірк:
– Вас цікавіць мой светапогляд? Калі так, адкажу. Жывучы ў Расеі, я сустракаў камуністаў. Я слухаў іхнія прамовы. Але мне не прыходзіла ў голаў, што трэба выслухаць яшчэ і процілеглы бок. Цяпер я спрабую кампенсаваць свой пралік і, вядома ж, з вашага дазволу, стаўлю пытанні.
– Не тшэба! – усклікнуў устрывожаны Клямка. – У Польшчы, дзе правіць маршалак Пілсудскі, такія пытанні задаваць нікому не дазволена! Дый хто можа вызначыць годнасць чалавека, апроч самога Пана Бога? На памeшчыка Рамана Скірмунта сяляне моляцца… Пан Раман пераняў ад сваіх продкаў найлепшыя прыкметы і стаў дбайным гаспадаром. Ён людзяны. Ён добры для сваіх і тутэйшых сялян – не адной збяднелай сям’і ў вёсцы памог, прывёз, парэзаў і пакалоў дровы зімою. Няхай сабе і з дапамогай іншых людзей. А вясною, калі ў каго выходзіць належны запас, падсыпле зерня ў сялянскі засек. Грэх, велькі грэх, пся маць, ставіць пад сумненне чалавечую годнасць Скірмунтаў.
Слухаючы палкую тыраду пана