Васіль Якавенка

Пакутны век. Трылогія


Скачать книгу

душах, паняволеных, але пакуль незламаных.

      Не ўсе арыштаваныя, праўда, з годнасцю выйшлі з паказальнага антыбеларускага працэсу, наколькі буфанаднага, настолькі й аблуднага. Пасля хадзіла пагалоска, што нехта Радзіслаў або Радаслаў Астроўскі, што, між іншым, з’яўляўся ўдзельнікам Усебеларускага кангрэса, а потым і Слуцкага збройнага чыну і які ачольваў у Вільні Беларускі кааперацыйны банк ды фінансаваў камуністычны рух у Крэсах Усходніх, памяняў погляды, выракся сваіх сяброў, стаў выступаць за супрацоўніцтва беларусаў з санацыяй. Усе дзівіліся гэтаму. А што было ў галаве Астроўскага – аднаму Богу вядома.

      Пасля гэткіх страт і няўдач камуністычны рух прыціх і месцамі рассыпаўся, часткова падаўся ў падполле. Тлела да пары да часу агорнутае шэрым попелам вуголле і ў Моталі. Барыс адчуваў яго, але ладу ў думках больш не было, дый ішлі тыя думкі ўжо трохі іншым парадкам.

      Неяк у бацькавай бібліятэцы знайшоў ён тоненькую, бы наліснік, брашурку. Уласна, бацька ж і параіў яму яе пачытаць. На вокладцы было пазначана: А. Бяроза. «Расейска-польскі баль і беларускае пахмелле». Кніжачка была выдадзена ў Пінску ў друкарні «Hasto» ў 1921 годзе.

      У даўно мінулыя часы жорсткіх войнаў, – чытаў Барыс, – калі адно з дзікіх плямёнаў перамагала другое слабейшае племя, тагды пераможцы на полі бітвы святкавалі сваю перамогу: усім палонным скручвалі вяроўкамі рукі і ногі, раскладвалі іх па зямлі і клалі на іх дошкі, пакрывалі тыя дошкі каберцамі, а затым садзіліся самі, пяялі песні, пілі хмельны напітак і, напіўшыся п’янымі, танцавалі на гэтых дошках. Стогны і крыкі абяздоленых палонных, што ляжалі пад дошкамі, яшчэ больш весялілі падгулялых пераможцаў і заглушаліся музыкай, смехам, п’янымі крыкамі…

      І далей невядомы Барысу аўтар перакідваў масток ад плямёнаў у бліжэйшыя гады і сучаснасць, калі ўжо цэлыя народы, якія лічылі сябе культурнымі, перамагалі ў вайне слабейшых за сябе і святкавалі перамогу, акурат як тыя дзікія плямёны, толькі замест дошак яны накладвалі на забраны народ і яго зямлю іншы прэс – свае дзяржаўныя ўстановы, сваю чужацкую культуру, мову і рэлігію. Гэтак рабіла Расея ў дачыненні да Польшчы і Беларусі. «Расейскія чыноўнікі,– чытаў Барыс, – зусім не разумелі мясцовай – ні польскай, ні беларускай – мовы і ва ўсіх установах пісалі і гутарылі толькі на расейскай мове, нават забаранялася зварочвацца да чыноўнікаў на польскай ці беларускай мове».

      Брашура захапіла Барыса так, што асобныя старонкі ён перачытваў па некалькі разоў.

      Аўтар выказваў сваё крайняе здзіўленне ад Польшчы. Яна ж толькі што вырвалася з расейскіх ціскоў, нямецкай акупацыі, а як ужо набыла крышачку моцы, стала на шлях сваіх жа прыгнятальнікаў. Польскі рэжым пад выглядам барацьбы з бальшавікамі заняў амаль усю Беларусь, кажучы сабе і ўсяму свету, што польскія войскі займаюць не беларускія землі, а гістарычныя абшары Польшчы. Ён крычаць на ўвесь свет: «Нема жаднэй Бялорусі. Ёсьць толькі вялікая ад мора да мора Польшча!» З другога боку савецкі ўрад, лічачы Беларусь «заходняй вобласцю