Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі
Пётр стаіць на каленях. За ім Андрэй – жэст яго рук выяўляе зьдзіўленьне. Двое рыбакоў у другой лодцы, якія цягнуць сеткі, – Якаў і Ян. Трэці ў іх лодцы – іх бацька Зэбэдэй. Рафаэль малюе, як яны насілу цягнуць сець, поўную рыбы.
Цудоўная лоўля рыбы ёсць правобразам Божага пакліканьня для Апосталаў. З гэтага часу яны перасталі займацца рыбнай лоўляй, але сталі на шлях служэньня Богу – «лаўцамі чалавекаў» для Царства Божага.
Гэтая думка перададзена на блёку пошты Летувы (2000 г.). Пётр і Андрэй яшчэ трымаюць у руках сеці, але ў наступны момант стануць «лаўцамі чалавекаў»
Хоць сюжэт пакліканьня Пятра і Андрэя сустракаецца ў заходнім жывапісе найболей часта, вядомыя прыклады ілюстраваньня пакліканьня другой пары вучняў – Якава і Яна, сыноў Зэбэдэя. Аб гэтым карціна (1510г.) Марка Базаіці.
Гэты эпізод зьмясціла на сваёй марцы пошта Емену ў 1969 годзе
Хрыстос стаіць на беразе возера; Яго суправаджаюць ужо Пётр і Андрэй; з лодкі, што прычаліла да берага, выходзяць Якаў і Ян, першы ўжо схіліў калені перад Хрыстом, які благаслаўляе яго. Не гледзячы на тое што і Мацьвей і Марк, чые аповяды мог мець на ўвазе мастак, аднадушныя ў сьцвярджэньні, што Якаў і Ян пакінулі «лодку і бацьку свайго», Базаіці малюе, што іх бацька, таксама робіць крок з лодкі.
Аб пакліканьні часта думаем у кантэксьце пакліканьняў Сьвятарскіх і манаскіх. Але, ці не датычыць пакліканьне кожнага з нас? Бо ў рэшце рэшт, Бог заклікае кожнага з нас да выкананьня нашай ролі.
Пошта Бэльгіі выпусьціла ў абарачэньне ў 1992 г. блёк, на якім старонка з Служэбніка 1487 года. Пётр і Анрэй суправаджаюць Хрыста, Які бласлаўляе Якава і Яна, што схілілі перад Ім калені
Хтосьці могуць быць добрымі бацькамі, хтосьці адчувае пакліканьне быць добрым урачом або настаўнікам, або звычайным добрым работнікам. Як знайсьці гэта ў сабе? Як пачуць голас пакліканьня? Часам гэта проста, бо мы «ад пачатку» ведаем, кім мусім быць. І, часам гэта нам удаецца, а часам не. Я з раньняга ўзросту быў упэўнены, што буду лётчыкам. Не адбылося. Ці азначае гэта, што жыву не па прызначэньню? Не думаю, напэўна маё жыцьцё было скарэктавана. Ці я ад пачатку памыляўся і не зразумеў сваё пакліканьне? Толькі як яго зразумець? Як пачуць і не сысьці з правільнага шляху?
Продкі Ісуса Хрыста: «Элеазар», «Матан», «Якаў», Язэп», «Ёсія», «Еханія», «Аса», «Ёсафат», «Зарававель», «Эліякім», «Азор», «Садок». Ватыкан, 1991 г. Сэрыя «Аднаўленьне Сыкстынскай капэлы». Фрэскі ў люнэтах, Мікеланджэла Буанароці (1475—1564)
Грамадзкае служэньне Ісуса Хрыста ратаваньню людзей
Цуд у Кане Галілейскай
Так заклаў Ісус пачатак цудаў у Кане Галілейскай і зьявіў славу Сваю; і ўверавалі ў Яго вучні Ягоныя. (Паводле Яна 2:11)
«На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Ісусава была там. Быў таксама запрошаны Ісус і вучні Ягоныя на вясельле.