Лявон Эдвардавіч Карповіч

Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі


Скачать книгу

«Пропаведзь Яна Хрысьціцеля»

      Ян Хрысьціцель у кароткай туніцы стаіць на скале, перад ім вялікая група мужчын і дзіця, зьмешчанае на пярэднім пляне. Ян ня быў звычайным прапаведнікам – ён перадаваў людзям волю Бога, як старажытныя старазапаветныя прарокі, і нават больш гэтага, бо на яго сышоў Дух Сьвяты яшчэ ва ўлоньні маці (Паводле Лукаша 1:15). Ісус паказаў на Яна як на прыход прарока Ільлі, якога чакалі (Паводле Мацьвея 11:14; 17:12). «Ян люду, што прыходзіў хрысьціцца ў яго, казаў: выродзьдзе яхідніна? хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу? Прынясеце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: „бацька ў нас Абрагам“; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму; ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь. І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць? Ён сказаў ім у адказ: у каго дзьве адзежыны, той дай таму, хто ня мае; і ў каго ёсьць ежа, рабі тое самае» (Лукаша 3:7—11).

      Пошта Грэнады на блёку (2016 г.) разьмясьціла рэпрадукцыі карцін Ераніма Босха (Hieronymus Bosch). Сярод іншых «Cьв. Ян Хрысьціцель у разважаньні»

      У выявах Босха могуць уразіць ці зьбянтэжыць дробная дэталь, невялікі фрагмэнт – і сам па сабе і ў сувязі з цэлай карцінай. Сьв. Ян Хрысьціцель фантастычным пэйзажам, мала падобным на Палестыну 1-га стагодзьдзя. Сьвяты ляжыць сярод узгоркаў, на сакавітай траве. Мэсія яго (як Папярэдніка) ясная па яго поглядзе на ягня – знак Хрыста.

      «Пыталіся ў яго таксама і воі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзіце, не паклёпнічайце, і задавольвайцеся сваёй платай» (Паводле Лукаша 3:14).

      «Пропаведзь Яна» – фрэска Пінтурыккіо. Марка з сэрыі пошты Сувэрэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна «Ян Хрысьціцель заступнік Ордэна», выдадзенай у1984 г.

      Прыняць ад Яна хрост прыйшоў Ісус, і Ян, паказваючы на Яго, сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі сьвету».

      «Сьвяты Ян Хрысьціцель». Фрэска Карэджа ў купале сабора Пармы на блёку пошты Анцігуа і Барбуда (1984)

      З пачаткам грамадзкага служэньня Ісуса Хрыста Сьвяты Ян засьведчыў, што яго місія, як Папярэдніка, завяршылася: «Ён мае расьці, а я – малець» (Яна 3:30).

      Хрышчэньне Ісуса Хрыста

      Гэта ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.

      (Паводле Мацьвея 3:17)

      Ісус Хрыстос хрысьціўся ад Яна. Эвангеліст Лукаш расказвае ў Эвангельлі пра нараджэньне Яна Хрысьціцеля, жыцьцё ў пустыні, прапаведаваньне і хрышчэньне. Сам Ісус сказаў, што «сярод народжаных (…) не было большага за Яна Хрысьціцеля».

      Гасподзь падрыхтоўваў Яна да вялікага служэньня. Ён павінен быў аб’явіць народу пра хуткі прыход Мэсіі, Ісуса Хрыста, і заклікаць народ да пакаяньня. Так адбывалася тое, пра што прарокі пісалі за сотні гадоў да нараджэньня Яна: «Бо ён той, пра якога напісана: „вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою“ (Мацьвея 11:10)». «Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў