Людміла Рублеўская

Пантофля Мнемазіны


Скачать книгу

ў сваіх прафесійных колах. Далучыўся да стварэння папулярнай кампутарнай гульні са смешнымі круглымі монстрыкамі, павыйграваў нейкія прэстыжныя конкурсы… Урэшце, і мяне дабіўся. Ну, дазволіла ж я яму ўвайсці ў маё жыццё, выцягнуць з дэпрэсіі… Праўда, ягонае мармытанне пра замежныя перспектывы толькі раздражняла: ён там будзе геніяльнічаць пры якім Білу Гейцу, а мне што рабіць? Посуд мыць у Макдональдсе? А на ролю хатняй гаспадыні я не падпішуся нават пры наяўнасці роты прыслугі. Маім мужам Салому не быць, я сказала.

      Мой расповед пра сённяшнія падзеі развесяліў Мацея прыкладна як Гамлета – з’яўленне прывіду ягонага бацькі.

      – Д-дык т-ты збіраешся яго шукаць? Т-таго каламутнага Корвуса?

      Ажно сківіцы сціскае і заікаецца… І не падумаў запэўніваць – «Падалося табе, Ірынка, папі валяр’янкі». Адчуў, што Адысей падплывае да Ітакі і трэба вызваляць нагрэтае месца на ложку Пенелопы дзеля законнага сужэнца.

      – Паслухай, Салома, я табе нічога не абяцала, – я адсунула талерку з недаедзенай рыбай. – Мы ж дамаўляліся… Не будзем ускладняць.

      Мацей глыбока ўздыхнуў, бы апошнім паветрам, і з сілай правёў абедзвюма далонямі па твары, нібыта спадзяваўся сцерці рысы, якія не выклікалі ў мяне палкага пачуцця, і набыць іншае, больш прывабнае ў маіх вачах аблічча.

      – П-прабач, забыўся пра нашу… канвенцыю. Мір, дружба, сэкс. І ўсё ч-часова, як нумар у гатэлі.

      На імгненне зрабілася сорамна ад горычы, што гучала ў ягоным голасе. Але ў наступнае імгненне я раззлавалася. Дакараць, што цябе не кахаюць, – усё роўна што сцябаць вецер. Хопіць, што мне маці мазгі вынесла, калі ж мілы Мацейка са мной ажэніцца, нібыта ўсё залежала ад яго жадання. Але Салома, відаць, і сам зразумеў недарэчнасць прэтэнзій і іранічна ўсміхнуўся – найлепшы сродак хаваць крыўду.

      – Ну што, Холмс, паехалі лавіць сабаку Баскервіляў ля Грымпенскай… пардон, Мар’інагорскай дрыгвы? Цябе пакінь – зноў наламаеш трыснягу.

      Гэта ён намякаў на маю першую спробу забыцца на Корвуса – раман з адным байкерам. Раман скончыўся тым, што я ўцякла ад з выгляду брутальнага (гара цягліцаў, татухі, касухі), а на справе страшэнна зануднага меланхалічнага каханка на ягоным жа байку. Які праз дзесяць хвіль уцёкаў па няўменні загнала ў балота, зарослае сухім трыснягом. Патлумачыць тое, што байкер мяне не прыбіў, калі дабег да таго балота, магу толькі ягоным захапленнем будызмам і філасофскім раманам Роберта Пірсінга «Дзэн і мастацтва догляду за матацыклам».

      – Мушу канстатаваць, Ірына Максімаўна, што ў нашых адносінах прасочваецца глабальная дысгармонія, – толькі і змог прасіпець небарака, шалёнымі вачыма ўтаропіўшыся на жалезнага дрыкганта, які адчайна задзіраў руль угару з твані.

      Байкер нават моўчкі давёз мяне, зарумзаную, у панцыры з падсохлай гразі, да горада на выратаваным з дрыгвы байку.

      Харошы быў чалавек у прынцыпе. Толькі надта павучаць любіў ды аналізаваць чужую карму.

      Тады я змагла сабе прызнацца. Мне патрэбны толькі