Людміла Рублеўская

Пантофля Мнемазіны


Скачать книгу

светлыя вочы… А ў вачах – спалох. Што надало мне моцы папытацца… Дакладней, прапішчэць апошні радок вершыка-парашка:

      – Вы… хто?!

      – А вы? – прамовіла… скажам так, левая галава.

      Звычайны насцярожаны голас немаладой жанчыны.

      Што змусіла мяне ўсё-ткі ачомацца… Я ж дзіця інтэрнэту, саламяная ўдава, нават дзесьці феміністка і спецыялістка па віртуальных монстрах. А перада мной проста чалавек… Дакладней, два чалавекі. Сіямскія блізнюкі. З’ява прыроды. Вунь расказвалі мне пра аднаго паэта… Калі ён нарадзіўся, у яго ў грудзіне апынуўся яго брат-блізнюк, які не развіўся з зародка… І паэт так і жыў доўгія гады, ніхто не ведаў пра ягоны «бонус»… І ён доўга не ведаў. Я сама бачыла: мужык як мужык, лысаваты, сціплы…

      Мацей ачомаўся хутчэй за мяне. Пасля ягоных тлумачэнняў кабеты, што дзялілі тры нагі на дзвюх, як антычныя багіні паркі на траіх – адно вока, цяжка ўздыхнулі і паспрабавалі перазірнуцца адна з адной, для чаго ім давялося скасавурыць пукатыя вочы, якія ў адной былі зусім ужо на розных узроўнях, як на малюнку сюррэаліста.

      – Што ж, Люба, перабярэмся назад, да сястры… – мармытнула левая блізнючка, нервова шкрабануўшы мыліцай па падлозе.

      – Яна тут, за сценкай жыве, сястра наша Маруся, у драўлянай прыбудове, – патлумачыла правая блізнючка, з перасунутымі вачыма. – Мы ў яе і прапісаныя. Проста доктар Люцыян Корвус, упакой Гасподзь яго светлую душаньку, перад смерцю казаў, каб мы карысталіся ягонай паловай дома. За камунальныя паслугі плацім…

      – Мы ўсяго адзін пакой займаем, у кабінеце толькі пыл выціраем. Як доктар пакінуў, так усё і стаіць, – запэўніла левая, падобна, з больш мяккім характарам, яе голас жаласна задрыжэў. У мяне ажно шчокі запалалі: выглядала, нібыта я збіраюся выганяць няшчасных пажылых калек з дому, на які мае правы па-чалавечы вельмі няпэўныя. А тут яшчэ з боку дзвярэй пачуўся ўладны жаночы голас:

      – Як не сорамна толькі! Хто дазволіў турбаваць інвалідаў? Чаго ўваліліся? Не людзі пайшлі – звяры! Адны вокны б’юць, другія падаткі вымагаюць…

      Ваяўнічая старая ў блакітнай балонневай куртцы, напэўна, тая самая сястра Маруся, настаўляла на нас складзены мокры парасон з вострай металёвай «дзюбай».

      – Крыжа на вас няма!

      Дарчая Віталя Корвуса ўражання на кабету, падобную да зрослых сёстраў хіба светлымі пукатымі вачыма, не зрабіла.

      – Круцялі вы ўсе! Не было ў Люцыяна Станіслававіча ніякіх пляменнікаў, ні родных, ні ўнучатых. Як жонка памерла, адзін дажываў. Толькі круціліся ўсялякія… пройды. Ён іх на ганак не пускаў.

      Мацей ад націску кабеты ледзь не паваліўся на этажэрку з падшыўкамі старых газет.

      – Даша і Люба нікому не замінаюць! І сябе могуць пракарміць. Яны швачкі, працуюць на камбінат… Вышываюць для царквы… А ў краму і я для іх магу схадзіць! Не аддам у інтэрнат! Досыць, што яны там усё дзяцінства правялі, а я і не ведала! – кабета паставіла на падлогу накрыты кавалкам цыраты кошык, адкуль чуўся вохкі пах свежага хлеба, які пякуць толькі на раёне. – Бог ведае што робіцца…