Стэфан Корф

Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага


Скачать книгу

шклянкі, якая зрабіла поўныя два колы.

      – Гэта трэба дзякаваць Янку, – Базыль паглядзеў на сябра. – Прынёс раніцай. Панове, трэба пакінуць яму добры кавалак, бо чалавек стараўся.

      – Ён што, у пушчу хадзіў? – здзівіўся стары драгічынец.

      – Дык я ж казаў табе, пане, што ўсю ноч на кані нашы правялі.

      – Злодзей, – ціха сказаў Яшка, адразаючы кавалак сала для свайго гаспадара.

      – Дурань, – Базыль пляснуў па карку служкі. – Зладзеі і браканьеры – у мірны час. А мы – кароннае войска.

      – Але гэта злачынства ўсё роўна. Пушча – забарона, – адрэзаў Гавел.

      – Гэй, Янка, цябе тут злодзеем называюць, – крыкнуў улан сябру.

      Крык выцягнуў Янку з дзіўнага сну пра чаплю на балоце. Чапля ў гэтым сне завязла ў дрыгве і крычала, пакуль вужы зацягвалі яе пад зялёна-карычневую глебу. Янка расплюшчыў вочы.

      – Чаго раскрычаўся, Базыль? – ён падняўся на ногі. Уланам стала цікава, чым скончыцца нечаканая барацьба за ежу, і Мілаш кпліва звярнуўся да Янкі:

      – Ды вось гэты шляхцюк кажа, што ты ў круля глушакоў скраў і цябе трэба судзіць.

      Янка скінуў расшпілены мундзір і ўзяў шаблю ў ножнах, што ляжала побач. Базыль усміхнуўся, бо не раз быў сведкам двубою свайго сябра. Нават калісьці сам біўся з ім на шаблях з-за таго, што не маглі падзяліць месца побач з прыгожай дзяўчынай. Перамаглі бацькі, якія ўсыпалі абодвум.

      – Значыцца, гэта ты, пан, кажаш на мяне дурное людзям?

      – Ты хай і жаўнер, але падпарадкоўваешся законам гэтай зямлі. А паляваць у пушчы – забаронена. Таму ты, пан, злодзей, як добра сказаў мой слуга, – пацвердзіў Гавел.

      – Гэта не браканьерства, а нарыхтоўка фуражу, – усміхнуўся Янка. – А ты, як адукаваны шляхціч, павінен ведаць розніцу паміж гэтымі справамі. А калі пан неадукаваны, дык я магу заняцца тым, чым не займаліся езуіты ў свой час.

      Драгічынец скокнуў на ногі і схапіўся за шаблю:

      – Двубой?

      – Станавіся.

      Жаўнеры абступілі паўкругам двух шляхцічаў. Тыя скінулі ўсе паясы, пальчаткі, жупаны ды мундзіры і засталіся ў кашулях. Янка зрабіў тры ўзмахі шабляй у паветры, і Гавел пайшоў на яго. Першы ўдар драгічынец паклаў проста зверху, каб выпрабаваць свайго суперніка. Улан злавіў шаблю на прамую руку, як меч, не спрабуючы адказаць. Другі ўдар быў злева. Янка таксама выпрабоўваў старэйшага шляхціча, бо той мог аказацца добрым фехтавальшчыкам. Але валанцёр з Драгічына біў прама, без складаных прыёмаў. Чацвёрты ўдар, пяты, на шосты ўлан злавіў шаблю праціўніка за спінаю, зрабіў крок наперад, вызваліў сваю зброю і нацэліўся на нагу. Драгічынец адбіў такім жа простым і прамым блокам, як і біў. Раптам нехта схапіў маладога ўлана за каўнер кашулі і тузануў да плота.

      – Што, чорт вас забяры, вы мне тут робіце? – уварваўся харунжы Сыракомля, трымаючы відэлец з кавалкам смажанага мяса. – Мне крычаць – бойка, маскалі, а тут вы.

      – Вы хто? – Гавел стаяў у баявой стойцы.

      Уланы хутка, перабіваючы адзін аднаго, распавялі пра спрэчку наконт заканадаўства і яго выкарыстоўвання пад час вайны.