Стэфан Корф

Палескі дыярыуш дывізіі Серакоўскага


Скачать книгу

Мы ідзём баявымі шэрагамі, таму што мы дурні. Зразумела?

      – Не, – пахітаў галавой Базыль. Ціхія размовы ў атрадзе з дваццаці чалавек скончыліся, і ўсе прыслухаліся.

      – Я ж кажу – дурні, – усміхнуўся харунжы. – Нават самі пра сябе не разумеюць. Наш полк не такі стары, як каронная конніца ці пешая гвардыя. Вопыту – яшчэ менш. І таму палкоўніку Кёнінгу даводзіцца няньчыцца з вамі, як з дзецьмі. Добра, калі пад час бойкі вы не кінецеся ўцякаць пасля першага ж залпу, пасля першага забітага таварыша. Таму мы і пляцёмся ззаду, як хвост у каровы, а абозу пры нас няма. Таму паручнік Завадзіч і вядзе наперадзе роўнымі шэрагамі па тры чалавекі авангард. А вы… – ён зірнуў назад. – А вы праз гадзіну маршу выглядаеце як сяляне ля касцёла. Дзе шэрагі? Дзе карабіны на плячах?

      – Так нязручна, пане харунжы.

      – Маскаль пытаць не будзе, няёмка табе ці не. Кулю ў лоб, і да сястры тваёй у госці.

      – Я б сам да сястры Базыля схадзіў, – зарагатаў Лешак Збруя.

      – Спачатку шабляй махаць навучыся, а потым да дзевак сватайся, – адрэзаў харунжы. – Калі кожны з вас заб’е па пяць маскалёў – дазволю вазіць карабіны на кані. А цяпер – на пля-чо! Стро-ем руш! І хай толькі хто зламае шэраг – будзе шабляй над галавой махаць да самага Двара.

      Сонца схавалася за дрэвамі, калі ар’ергард мінуў палову шляху. Над пушчай разлілося чырвонае святло, афарбавала галіны ў бронзава-брудны колер і спрачалася з паловай месяца, што ішоў па небасхіле – назіраў за ўланамі. Дарога змяёй вілася паміж вялізных дубоў і соснаў, пакрытая луской з адбіткаў падкоў амаль трох соцень коней. Яна паядала хмыз, ручайкі, маладыя дрэўцы і ўсё астатняе, што стаяла на яе шляху і не магло адпомсціць.

      Ля вялізнага ясеня стаяў сівы дзядуля з даўгімі, амаль да пояса, вусамі. Ён назіраў за жаўнерамі адным вокам – левае павека было моцна пасечана, палову брыва захапіў ружовы, яшчэ свежы шнар. Каля старога спаў вялізны, больш падобны да ваўка, сабака, які, пачуўшы грукат капытоў, кінуўся ў лес. Калі ж першы шэраг быў у дваццаці кроках ад старога, той выйшаў на сярэдзіну дарогі і ўскінуў рукі:

      – Хлопчыкі, дапамажыце, калі ласка. Ратуйце небараку! Харунжы ўзняў левую руку са сціснутым кулаком і раўнуў: «Стой». Жаўнеры спыніліся ля дзеда.

      – Чаго табе? Бандыты? – Сыракомля вывучаў левае вока старога.

      – Ой, жаўнерыкі, родныя, дапамажыце. Ваўкі сцягнулі апошняга майго сябра ў лес. Дый на мяне напалі, але я збег… Дапамажыце, хай толькі цела адбіць у гэтых людажэраў, не пакіньце старога на смерць. Вось ты, хлопча, – стары працягнуў руку да Янкі, – я нават адным вокам бачу, што ты добры чалавек. Не пакінь старога, тут недалёка, можа… можа, яны яшчэ не з’елі сябра майго…

      Конь зафыркаў і зрабіў крок назад.

      – Дзед, ты адкуль? – спытаў харунжы.

      – Дай мясцовы я, пане, вясковы. Вечарам гулялі тут, і ваўкі напалі на нас… Трэба спяшацца, пане…

      – Гэй, езуітаў выхаванец, – камандуючы павярнуўся да Янкі, – што думаеш?

      – Цёмна ўжо, пане харунжы, мы ні слядоў, ані шляху не знойдзем…