стары пан дрыготкімі рукамі надзяваў цыліндр, накідваў на сябе грубы плашч і потым няўпэўненымі крокамі ступіў на сходы. "Вядома ж, мы пагаворым", – паўтарыў добры хлопец зусім лагодна, бо варты жалю выгляд старога пана паступова выклікаў у яго спачуванне. "Я ў любы час буду ў Вашым распараджэнні, – працягваў ён ветліва, – але пасля Вашых паводзін у дачыненні да мяне Вы не павінны здзіўляцца, што я дзейнічаў менавіта так". Ён карэктна пакланіўся і пакінуў на волю лёсу старога, які, як ён чуў, на двары вісклівым голасам замаўляў карэту.
Толькі цяпер ён зноў спахапіўся: а хто ж гэта мог быць, гэты стары вар’ят? Урэшце, можа, сапраўды нейкі яе сваяк?! Дзядзька або дзед ці яшчэ хтосьці гэткага кшталту? О Божа, тады ён, магчыма, усё ж занадта пагарачыўся ў дачыненні да яго? Стары, магчыма, увогуле па сваёй натуры быў такім, менавіта такім!.. Але ж яна павінна была б нешта заўважыць, калі гэта было так! Яна, як здалося, увогуле не выявіла ніякай зацікаўленасці да гэтай справы. Толькі цяпер яму гэта падалося дзіўным. Раней усю яго ўвагу паглынулі бессаромныя паводзіны старога пана… Дык хто ж гэта быў? На душы ў яго сапраўды зрабілася зусім няўтульна, і ён нейкі час памарудзіў, перш чым увайсці зноў да яе, з думкай, што ён, магчыма, паводзіў сябе непрыстойна.
Калі ён зачыніў за сабою дзверы пакоя, Ірма сядзела, адвярнуўшыся, з краю канапы, трымала ў зубах махор батыставай хустачкі і нерухома талопілася ў прастору перад сабою, не паварочваючыся да яго.
Ён хвілінку пастаяў зусім нерухома, потым сплёў рукі ў сябе на жываце і амаль з плачам ад бездапаможнасці ўсклікнуў:
"Ты ж толькі скажы мне, хто гэта быў, Божа літасцівы!"
Ніякага руху. Ніводнага слова.
Яму рабілася то холадна, то горача.
Незразумелы жах уздымаўся ў яго ў сярэдзіне. Але потым ён настойліва пачаў унушаць сабе, што гэта ўсё проста смешна, сеў каля яе і па-бацькоўску ўзяў яе за руку.
"Добра, Ірмачка, будзь нарэшце разумнай. Ты ж, пэўна, не злуеш на мяне? Ён жа пачаў… стары пан… А хто ж гэта быў?"
Мёртвая цішыня.
Ён устаў і ў разгубленасці на некалькі крокаў адышоўся ад яе.
Дзверы каля канапы, якія вялі ў яе спальню, былі прыадчыненыя. Ён раптам увайшоў туды. На начным століку каля галавы незасцеленага ложка ён убачыў нешта, што прыцягвала ўвагу. Калі ён вярнуўся, у яго руцэ было некалькі сініх паперак, банкнотаў.
Ён узрадаваўся, што адразу мог сказаць штосьці іншае. Ён паклаў паперкі на стол са словамі:
"Лепш схавай гэта пад замок; яны ляжалі там".
Але раптам ён збялеў, як воск, яго вочы пашырыліся, а разяўленыя вусны задрыжэлі.
Яна, калі ён з’явіўся з банкнотамі, звярнула расплюшчаныя вочы ў яго бок, і ён убачыў яе позірк.
Штосьці агіднае пацягнулася ў ім кашчавымі, шэрымі пальцамі ўверх і з сярэдзіны ўчарэпілася яму ў горла.
Ва ўсякім разе, было сумна глядзець, як бедны юнак выцягнуў перад сабою рукі і жалобным тонам дзіцяці, паламаная цацка якога ляжыць на падлозе, толькі вымаўляў:
"Не, не! Ах, не… не!"
Потым з ліхаманкавым страхам