Томас Ман

Смерць у Венецыі


Скачать книгу

тупы цяжар, гэта цёплая гнятлівая цішыня, засмяглая без вільгаці. Ён адчуваў, што аднекуль павінна прыйсці нейкае вызваленне – выратаванне, бурна-асвяжальная спатоля ўсёй гэтай смагі ў ім і ў прыродзе.

      А потым ён раптам зноў убачыў перад сабою дзяўчыну ў светлым антычным убранні, з тонкай, белаю рукою, якая, напэўна, была мяккай і прахалоднай…

      Тады ён устаў і з неакрэсленым, напалову прынятым рашэннем усё хутчэй і хутчэй рушыў дарогаю ў горад.

      Калі ён спыніўся з няясным яшчэ ўсведамленнем, што ён ужо тут, у яго ў сярэдзіне раптам усё скаланулася ад страху.

      Ужо настаў позні вечар. Усё вакол яго сціхла і акунулася ў змрок. Такой парой толькі вельмі рэдка ў гэтай мясцовасці, падобнай да прыгарада, хтосьці з’яўляўся. Сярод шматлікіх зорак, зацягнутых лёгкай смугою, на небе вылучаўся месяц, амаль што поўня. А ў далечыні – флегматычнае святло газавага ліхтара.

      Ён жа стаяў перад яе домам.

      Не, ён не збіраўся ўваходзіць! Але ў яго ў сярэдзіне штосьці вырашыла, без яго ведама.

      І вось калі ён так тут стаяў і нерухома талопіўся на месяц, то гэта, мусіць, так і трэба было, гэта было яго месца.

      І аднекуль з’явіўся яшчэ большы прамень святла…

      Ён ліўся зверху, з трэцяга паверха, з яе пакоя, у якім адно акно было адчынена. Значыць, яна не была занятая ў тэатры; яна была дома і яшчэ не пайшла спаць…

      Ён заплакаў. Прыхінуўся да агароджы і заплакаў. Усё было такім сумным. Свет быў такі нямы і сасмяглы, а месяц такі бледны…

      Ён плакаў доўга, бо адчуваў гэта цягам нейкага часу як асвяжальнае вызваленне і ўздым настрою ды разняволенне. Але потым яго вочы зрабіліся яшчэ сушэйшымі і гарачэйшымі, чым яны былі раней.

      І гэтая жорсткая прыгнечанасць зноў ціснула на ўсё яго цела, выціскаючы стогн з грудзей, стогн… стогн… па…

      Паддацца… паддацца…

      Не! Не паддавацца, а самому!..

      Ён выпрастаўся. Яго мускулы зацвярдзелі.

      Але потым зноў ціхая, абыякавая нуда выпетрыла яго сілы.

      Не, лепей усё-такі зморана паддацца.

      Ён слаба націснуў на клямку і паволі пацягнуўся ўверх па лесвіцы.

      Служанка зірнула на яго крыху здзіўлена ў такі час ды сказала, што шаноўная фройляйн дома.

      Яна ўжо не дакладвала пра яго; ён адразу пасля кароткага стуку адчыніў дзверы ў гасцёўню Ірмы.

      Ён не ўсведамляў, што рабіў. Ён не сам пайшоў да дзвярэй, а яго штосьці павяло. У яго было пачуццё, быццам ён ад слабасці страціў нейкую апору, быццам нейкая нямая неабходнасць з сур’ёзнаю, амаль трагічнаю мінай паказвае яму шлях. Ён адчуваў, што нейкая воля, здольная самастойна разважаць, выступаючы супраць гэтага бясслоўна-магутнага загаду, прывяла б яго ўнутраны стан толькі ў журботнае супрацьстаянне. Паддацца… паддацца; тады б адбылося правільнае, неабходнае…

      У адказ на яго стук пачулася лёгкае пакашліванне – гэтак, як перад размовай прачышчаюць горла; потым зморана і запытальна прагучала: "Уваходзьце!"

      Калі ён увайшоў, яна сядзела ў паўзмроку каля задняй сцяны пакоя з краю канапы за круглым сталом; каля адчыненага