Томас Ман

Смерць у Венецыі


Скачать книгу

вільготны балючы камяк, які часта хацеў прасачыцца ў ацяжэлыя вочы. Але, саромеючыся сапраўды заплакаць, ён плакаў толькі на цярплівую паперу, у словах.

      Ён самому сабе пачаў распавядаць у лагодных вершах, жалобных інтанацыях пра тое, якая яна, маўляў, салодкая і мілая, а ён такі хворы і знямоглы, і якая стрэмка неспакою засела ў яго душы, заганяючы яго ў невядомасць, далей, далей, дзе сярод ружаў і фіялак драмала яго шчасце, але ён быў звязаны…

      Вядома, гэта было смешна. Любы чалавек з такога толькі пасмяяўся б. Словы ж таксама былі такія неразумныя, бездапаможныя, якія нічога не маглі выказаць. Але ён кахаў яе! Ён кахаў яе! Адразу ж, вядома, пасля самапрызнання, ён адчуў сорам. Гэта ж было жабрацкае каханне, на каленях, якому б ён моўчкі цалаваў бы ножкі, бо яны такія мілыя, ці яе белую руку, а потым яму захацелася памерці. Пра вусны ён не адважваўся і думаць…

      Калі ён прачнуўся аднойчы ўначы, ён уявіў сабе, быццам яна ляжыць побач: каханая галоўка ў мяккіх падушках, салодкі роцік крыху прыадкрыты, і рукі, гэтыя неапісальныя рукі з пяшчотна-сінімі пражылкамі, скрыжаваныя на коўдры. Затым ён раптам рыўком перавярнуўся, уціснуў галаву ў падушку і ў змроку доўга плакаў.

      Гэта была кульмінацыя. Ён дасягнуў такога стану, што ўжо не мог пісаць вершы і нават есці не мог. Ён пазбягаў знаёмых, амаль не выходзіў з дому, а пад вачамі ў яго з’явіліся глыбокія, цёмныя кругі. Пры гэтым ён амаль ужо не працаваў, і яму нічога не хацелася чытаць. Яму рупіла толькі проста так стаяць перад яе партрэтам, які ён ужо даўно купіў сабе; зморана трызніць у паўпрытомнасці, у слязах ды каханні.

      Аднаго разу ён сядзеў са сваім сябрам Ролінгам, з якім быў знаёмы яшчэ са школы і які вучыўся на медыка, як і ён, але ўжо быў на вышэйшым семестры, за добрым куфлем піва ў кутку нейкай забягалаўкі.

      Тут Ролінг раптам рашуча паставіў свой куфаль на стол.

      „Ну, малы, скажы ты мне, што з табою?“

      „Са мною?“

      Але потым ён не вытрываў і выказаў усё, пра яе і пра сябе.

      Ролінг незадаволена пахітаў галавою.

      „Гэта кепска, малы. Нічога не зробіш. Не ты першы. Абсалютна непрыступная. Дагэтуль жыла з маці. Праўда, маці ўжо нейкі час таму памерла, але нягледзячы на гэта – абсалютна нельга нічога зрабіць. Страшэнна прыстойная дзяўчына“.

      „Дык ты думаў, што я…“

      „Ну, я думаў, што ты спадзяваўся…“

      „Ах, Ролінг!..“

      „А… так. Прабач, нарэшце я пачынаю цяміць. Настолькі сентыментальна я сабе гэтага не ўяўляў. Тады пашлі ёй букет, напішы ёй у дадатак цнатліва-пачцівы ліст, папрасі ў яе пісьмовага дазволу выказаць вусна тваё захапленне“.

      Ён увесь ажно спалатнеў і закалаціўся ўсім целам.

      „Але… але гэта немагчыма!“

      „Чаму – не? Любы пасыльны пойдзе за сорак пфенігаў“.

      Ён яшчэ больш закалаціўся.

      „О Божа! Калі б гэта было магчыма!“

      „А дзе яна цяпер жыве?“

      „Я… не ведаю“.

      „Як, нават гэта яшчэ не ведаеш?! Афіцыянт! Адрасную кнігу!“

      Ролінг знайшоў адрас хутка.

      „Ну?