дом з франтонам да вуліцы, у якім вырас Ёганэс Фрыдэман, знаходзіўся каля паўночнай брамы старога, сярэдніх памераў гандлёвага горада. Праз дзверы з двара трапляеш у прасторны, выкладзены пліткай калідор, адкуль лесвіца з пабеленымі драўлянымі парэнчамі вядзе на паверхі. Шпалеры гасцёўні на другім паверсе змяшчалі выявы выцвілых пейзажаў, а вакол цяжкога стала з чырвонага дрэва, накрытага цёмна-чырвонай плюшавай сурвэтай, стаялі крэслы з высокімі спінкамі.
Тут ён у сваім дзяцінстве часта сядзеў каля акна, перад якім заўсёды буялі цудоўныя кветкі, на маленькім услончыку ў нагах у маці і ўважліва слухаў цудоўны расповед, разглядаючы яе прабор і добры, зычлівы твар ды ўдыхаючы лёгкі водар, што заўсёды ішоў ад яе. Альбо ён прасіў яе паказаць партрэт бацькі, прыязнага пана з сівымі бакенбардамі. Ён цяпер на небе, гаварыла маці, і чакае там іх усіх.
За домам быў маленькі садок, дзе летам яны праводзілі большую частку дня, нягледзячы на саладкаваты пах, які амаль заўсёды далятаў з блізкай цукраварні. Там стаяла старая, пакручастая арэшына, і ў яе цені часта на нізкім крэселку сядзеў малы Ёганэс ды лушчыў арэхі, а фрау Фрыдэман і тры, ужо тым часам дарослыя, дачкі туліліся разам пад тэнтам з шэрай парусіны. Аднак позірк маці часта адрываўся ад шытва, каб паслаць дзіцяці знак сваёй журботнай зычлівасці.
Ён быў непрыгожы, гэты малы Ёганэс, і сваім выглядам, калі ён, востра- і высакагруды, з моцна выгнутай спінай, занадта доўгімі і худымі рукамі, сядзеў на ўслончыку і лушчыў арэхі, ствараў занадта ўжо дзіўную выяву. Але яго далоні і ногі былі вельмі вытанчанай формы, зграбныя; у яго былі вялікія, карыя, як у казулі, вочы, пяшчотна акрэслены рот і мяккія, русыя валасы. Хоць яго твар здаваўся так жахліва ўціснутым паміж плячыма, пра яго, тым не менш, можна было сказаць, што ён прыгожы.
III
Калі яму было сем гадоў, яго выправілі ў школу, і цяпер год за годам праходзілі аднастайна і хутка. Ён кожны дзень крочыў сваёй смешна важнай хадою, якая часта бывае ў седункоў, паміж дамоў з франтонамі ды крамамі ў напрамку да старой школы з гатычнымі скляпеннямі; а дома, выканаўшы заданні, ён ці чытаў свае кніжкі з прыгожымі, стракатымі малюнкамі на вокладках, ці знаходзіў занятак у садзе, а сёстры дапамагалі хваравітай маці ў доме. Яны наведвалі і публічныя вечары, бо Фрыдэманы належалі да першых колаў горада; але дзяўчаты, на жаль, яшчэ не выйшлі замуж, бо іх маёмасць была невялікай, ды й самі яны былі даволі непрываблівымі.
Ёганэс таксама час ад часу атрымліваў запрашэнне ад сваіх равеснікаў, але зносіны з імі не прыносілі яму вялікай радасці. Ён не мог удзельнічаць у іх гульнях, а з прычыны таго, што і яны заўсёды ставіліся да яго з нясмелай стрыманасцю, то ніякая таварыскасць узнікнуць там не магла.
У пэўны час ён часта пачаў чуць на школьным двары, як яны размаўлялі аб пэўных жыццёвых падзеях; уважліва, з вялікай цікавасцю ён прыслухоўваўся, як яны гаварылі пра свае патаемныя захапленні той ці іншай дзяўчынкай, а сам маўчаў. Такія рэчы, гаварыў ён сам сабе, якімі, як відаць, іншыя былі запоўнены