Томас Ман

Смерць у Венецыі


Скачать книгу

там наверсе, у дам».

      «А хто?»

      «Пан падпалкоўнік фон Рынлінген з жонкай».

      «О, – сказаў пан Фрыдэман, – тады я…»

      І ён пайшоў уверх па сходах. Наверсе пераадолеў адлегласць да дзвярэй і ўжо трымаўся за ручку высокіх, белых дзвярэй, якія вялі да «пейзажнага пакоя», як раптам ён стрымаўся, адступіў на крок, павярнуўся назад і паволі пайшоў уніз, як і прыйшоў.

      І хоць ён быў зусім адзін, сказаў вельмі гучна сам сабе:

      «Не. Лепш не трэба…»

      Ён спусціўся ў свой «кабінет», сеў за пісьмовы стол і ўзяў у рукі газету. Але праз хвіліну ён зноў паклаў яе і зірнуў збоку ў акно. Так ён і праседзеў, аж пакуль не прыйшла дзяўчына і не паведаміла, што ўсё гатова; тады ён накіраваўся наверх у сталовую, дзе ўжо яго чакалі сёстры, і сеў на сваё крэсла, на якім ляжалі тры сшыткі з запісамі нот.

      Генрыэта, якая налівала суп, сказала:

      «Ведаеш, Ёганэс, хто тут быў?»

      «Хто ж?»

      «Новы падпалкоўнік з жонкай».

      «Праўда? Гэта вельмі прыязна».

      «Праўда, – сказала Пфіфі, і ў куточках яе рота з’явілася вадкасць, – я лічу, што яны абое – надзвычай прыемныя людзі».

      «Ва ўсякім разе, – сказала Фрыдэрыка, – нам нельга марудзіць з візітам у адказ. Я прапаную пайсці паслязаўтра, у нядзелю».

      «У нядзелю», – сказалі Генрыэта і Пфіфі.

      «Ты ж пойдзеш з намі, Ёганэс?» – спытала Фрыдэрыка.

      «Само сабою!» – сказала Пфіфі і здрыганулася. Пан Фрыдэман не зрэагаваў на пытанне і з маўкліва баязлівым выразам твару даядаў суп. Было такое ўражанне, што ён прыслухоўваецца ў нейкім напрамку; да нейкага нядобрага шуму.

      IX

      Назаўтра вечарам у гарадскім тэатры ставілі «Лаэнгрына», і там прысутнічалі ўсе адукаваныя людзі. Маленькая зала была запоўнена ад верху да нізу, тут панаваў гул, пах газу ды парфумы. Але ўсе біноклі, як у партэры, так і на ярусах, былі накіраваныя на трынаццатую ложу, адразу справа ад сцэны, бо там сёння ўпершыню паказаліся пан фон Рынлінген з жонкай, і, такім чынам, з’явілася магчымасць грунтоўна разгледзець гэтую пару.

      Калі маленькі пан Фрыдэман у бездакорным чорным гарнітуры з бліскуча белым стаячым падкаўнерыкам увайшоў у сваю ложу – ложу № 13, ён яшчэ ў дзвярах памкнуўся назад, прычым рукою ён зрабіў узмах да лба, яго ноздры на нейкі момант сутаргава расшырыліся. Але потым ён апусціўся на сваё крэсла, на месца злева ад фрау Рынлінген.

      Пакуль ён садзіўся, яна на кароткі момант ўважліва зірнула на яго, выцягнуўшы ніжнюю губу, і адвярнулася, каб перакінуцца з мужам, які стаяў за ёй, некалькімі словамі. Гэта быў высокі, мажны мужчына з распушанымі вусамі і смуглявым добразычлівым тварам.

      Калі пачалася ўверцюра і фрау фон Рынлінген схілілася над парэнчай, пан Фрыдэман кінуў хуткі, паспешлівы бакавы позірк на яе. Яна была ў выхадным уборы і, адзіная з усіх прысутных дам, дазволіла сабе нават невялічкае дэкальтэ. Рукавы ў яе былі вельмі шырокія і са шматлікімі складкамі, а белыя пальчаткі даставалі аж да локцяў. Яе фігура здавалася сёння трохі пышнай, што было незаўважным