Вінцэсь Мудроў

Помнік літары «Ў»


Скачать книгу

ціхенька куды-небудзь прыхавацца, але тут сам Гарыныч схапіў за каршэнь і паставіў у кола. Колаў было два – у адным стаялі дзеўкі, а ў другім, які яго атачаў, мальцы. Уласна кажучы, гэта быў ніякі не вальс. Проста дзеўка з мальцам браліся за рукі, матлялі імі ўбокі, затым паварочваліся на 180 градусаў, ляпалі адно другога далонню ў далонь і мальцы пераходзілі да суседняй дзеўкі. Напачатку ў мяне кепска атрымлівалася. Ногі запляталіся, круціўся не ў той бок, змакрэў увесь, а потым пайшло, мне нават спадабалася матляць рукамі, але тут заўважыў, што хутка перада мной паўстане важатая з русявай касой. І вось гэты страшны момант наспеў. Важатая ўзяла мае потныя, мляўкія ад хвалявання пальцы, павяла ў адзін бок, потым у другі. «Раз, два, тры – на дыбачкі; раз, два, тры – на дыбачкі; пляснулі і разышліся…» – спявала важатая, а я стаяў ёлупнем, неадрыўна пазіраючы на два грудкі, што пукаціліся пад напятай кашуляй. Мяне пхнулі, я таксама некага пхнуў, і малады дзядзька – тады яшчэ не ведаў ягонага імя, – які граў на баяне, жартаўліва крыкнуў: «Дана Юр’еўна, кіньце зачароўваць моладзь!» Той хвіляй мне здалося, што ўвесь летнік глядзіць у мой бок. Я гатовы быў кінуцца, шукаючы ратунку, у кусты, ды тут, на шчасце, на ганку сталоўкі кухарка заляскатала лыжкай па рандолі, і ўсе кінуліся на вячэру. Ад той пары, калі чую пра Дану, вушы мае гараць пякельным агнём – ад сораму, які зазнаў тады, першым днём летніка.

      Мішка прыслухоўваецца, падымае ўгору палец. У лесе ўжо не чуваць баяна, адно шчабечуць птушкі.

      Мы бяжым напярэхваткі, і Мішка Касач яшчэ здалёк запабежліва гамзае:

      – Дзядзька Коля, вы ж абяцалі…

      Баяніст махае рукой.

      – Ідзіце, дзяўчаты… мне тут пагаманіць трэба… з адным таварышам.

      Дзеўкі з неахвотаю, азіраючыся, ідуць па сцяжыне, а дзядзька Коля, крыкнуўшы ім услед: «А сёмай гадзіне генеральны прагон!» – хапае Мішку за чупрыну і хвацка тузае.

      – Гэта табе аванс.

      Тузанулі Мішку балюча, бо небарака войкнуў, потым шморгнуў носам, і дзядзька Коля, зразумеўшы, што тузануў задужа моцна, ускінуў на плечы баянныя рамяні.

      – Ну, што там табе сыграць?

      – «Раз… (усхліп) мы шли… (усхліп) по Уругваю», – пакрыўджана выдыхае Мішка.

      – Не, «Уругвай» больш граць не буду, а то мяне з-за тых песень таксама з летніка папруць. Як таго Ваську Чыжыка.

      Дзядзька Коля керхае і, адкінуўшыся крыху назад, спявае: «Давным-давно на дальнем севере человек сидел на дереве, а под ним толпа голодная мослами била в барабан. Посиневшие от холода, зубами ляская от голода, под барабанный бой и дикий свист, они танцуют твист…»

      Дзядзька Коля яшчэ ніколі так шырока не расцягваў мяхі, у яго ніколі так не бліскалі вочы, і ніколі дагэтуль не спяваў ён з такім натхненнем. Я на момант забыўся пра ўсё на свеце, і ў апошнім куплеце далучыў свой голас да імпэтнай песні: «Ну укуси меня за талию, ну укуси меня за грудь!» І падалося, што я кусаю за талію Дану, і сэрца маё гатова было вырвацца з грудзіны і ляцець за небакрай.

      Мяне абудзілі непрыемныя, натужліва-адрывістыя зыкі. Ну вядома, гэта салагі з трэцяга