гори, не догорай. А завтра лагерю скажем – прощай, прощай, прощай!»
– Апошняя, – выдыхаем усе разам і саскокваем з партаў. Дзеўкі рэпеціруюць не першы дзень, таму мы даўно вывучылі іх рэпертуар.
– Цікава, а ці будуць бананы пры камунізме? – пытаецца, ні да каго не звяртаючыся, стрыжаны недаростак – гэта яму надоечы на голаў нацубілі рупар. Недаростак ад самага ранку круціцца калі нас ды слухае нашы размовы.
Пазаўчора ладзілі піянерскі збор ля вогнішча, і дырэктар летніка распавядаў – як добра будзе жыць пры камунізме. Казаў, што ў кожнага будзе па пяць касцюмаў, па дзесяць, а то і болей, кашуляў, што ў крамах будзе поўна рознай смакошы, а вось пра бананы нічога не сказаў.
– А ты вазьмі ды спытай у дзерыка, – кажа, вядома ж, жартам, Лёшка Лубчонак, і ў гэты момант сам дырэктар летніка выходзіць на сталоўскі ганак.
Дзерык, былы ваенны лётчык, выцягвае з кішэні пачак «Казбеку», дастае папяросіну, стукае ёю па пачку, збіраючыся прыпаліць, і пад ягонай рукой узнікае стрыжаная галава недаростка.
– Іван Іванавіч…
– Што, гвардзеец? – дзерык сціскае зубамі папяросу.
– А пры камунізме будуць бананы?
Дзерык выцягае папяросіну з рота, уважліва глядзіць на гвардзейца.
– Ну, жоўтыя такія… іх з Масквы прывозяць.
Што адказаў Іван Іванавіч, мы не пачулі, бо ўгледзелі, што пяюхі ўжо даўно сядзяць за сталамі, і, пхаючы адно другога, кінуліся ў сталоўку.
На вячэру далі амлет з макаронай, ды яшчэ цётухна-кухарка хадзіла між сталоў ды падлівала малака ў шклянкі. Амлет я глытаю адным махам, а вось макарона збілася камяком, не лезе ў глотку.
– Хутчэй бы ўжо, – кажа стрыжаны недаростак, які сядзіць насупраць.
– Што, малака налілі? – пытаюся я, перастаўшы жаваць.
– Ды не… хутчэй бы камунізм прыйшоў. Тады, казаў Іван Іванавіч, на вячэру будуць бананы даваць.
– Ты што, думаеш, ён яшчэ да канца нашай змены прыйдзе? – мармычу, падстаўляючы шклянку пад струмень малака, і ўпотай паглядаю ў той бок, дзе сядзіць Дана Харуцкая.
Уночы зноў не сплю. Выспаўся ўдзень, ды і цікую – калі Мішка Касач палезе ў вакно. Мішка таксама не спіць, круціцца ў ложку, раз-пораз уздыхае.
Нечакана дзверы пакоя прачыняюцца і ў пройме дрогкага святла – у канцы калідора ўсю ноч гарыць лямпачка – паўстае ўстрывожаны твар Пецькі Іздрыка. Пецька ўзіраецца ў цемру, тузае падбароддзем, і ў адказ яму трывожна рыпае ложак. Мішка падхопліваецца, махае сябру рукой і сцярожка, на цырлах, ідзе да вакна. Просвы гучна ляскаюць, Мішка ўтульвае голаў у плечы, азіраецца, выглядаючы – ці не прачнуўся хто з нас.
Ну вядома – сябрукі хочуць неўпрыкмет патрапіць на двор. Праз дзверы не выйсці – там сядзіць дзерык. На мінулым тыдні да дзевак, што спяць за сценкай, лезлі мясцовыя мальцы, вось Іван Іванавіч і сядзіць да дванаццатай ночы на ганку ды смаліць папяросы. А то яшчэ замест сябе дзядзьку Колю пасадзіць ці каго з выхавальнікаў. Таму Мішку з Пецькам і даводзіцца лезці ў вакно.
Я вылажу з-пад коўдры, бягу, пацепваючыся ад начнога халадку, да разнасцежанага