Ганна Навасельцава

Калі цябе спаткае казка…


Скачать книгу

лавы ды сталы тонкія. Дык здаецца, што зоркі ў тваім хораме сабраліся ўсе. Ззяюць-дапамагаюць. Адно маладзічка чамусьці не відно…

      – Не бойся злой мачыхі! – кажаш ціхай, задумлівай.

      – І ты, Івашка, не бойся! – ужо мяне супакойваеш.

      – А чаму гэта я павінен чужой мачыхі баяцца? Га?! Я хоць і санлівы, але не палахлівы!

      – Тады добра!

      Як добра, то і няхай сабе. Па вялікіх пакоях разышліся. На мяккія ложкі паклаліся, спаць добра сабраліся. А нічога сабе, лепей адно ў маім берлагу адпачываецца. Ды толькі я вока прыплюснуў, як нешта такое прымроілася… Як быццам Баба Яга, касцяная нага, у ступе лятае, вецер памялом ганяе, да хорама срэбна-срэбранага шляху шукае. У хорам наш хоць як-небудзь патрапіць хоча!

      Знайшла хуткі шлях, а яшчэ трэба ж ёй сюды ўвайсці. І так, і гэтак ладзіцца. Не выходзіць. Моцнымі чарамі ты, сцюдзёны, хатку сваю ад гасцей няпрошаных закрыў. Ды Баба Яга не з тых, хто лёгка адступіць. Слова варажбітнае прашаптала, нагою касцяною тупнула – і пайшлі дрэвы па зямлі, як жывыя. Да хорама заспяшалі, галінамі чорнымі ў сцены б’юць. Стараліся-стараліся, а не выходзіць нічога. Дык Яга са злосці зубамі жалезнымі кляцнула, учапілася тыя лядовыя сцены грызці. Пнулася-пнулася, і зноў нічога. Падумала-пахадзіла, праз сцены вачыма ўсёвідушчымі паглядзела. І мяне ўбачыла…

      – Івашка! Мядзведжае вушка! – усміхнулася зубатым ротам і стала мне ў лядовым хораме неяк прахалодна. – Не спі! Замерзнеш!

      А я сплю. Не магу прачнуцца. Аніяк са сну не выблытацца. І здарыцца ж прыкрая такая неспадзяванка!

      – Мядзведжае вушка! – кажа Яга так ласкавенька. – Дзверы мне адчыні!

      – Не адчыню!

      – Адчыніш, мядзведзька, адчыніш!

      – Чаму гэта ж ты мяне мядзведзем назвала?

      – А таму што мядзведжы сын! А дзверы мне ўсё роўна адчыніш, нікуды не дзенешся! Беражыся…

      Бразнулі дзверы ледзяныя, з таго і прачнуўся раптоўна. Расплюшчыў вочы, гляджу, аж сцюдзёны нада мною стаіць, гаворыць, як быццам выпрабоўвае:

      – Не спі, Івашка!

      – Замерзну?

      – Пакуль у маім хораме, то не. Але хопіць ужо адпачываць, час і за справу брацца…

      Ведаю ўжо, якая справа. Не хачу зусім да яе нават патыкацца! Дужа мне трэба злоснай Бабе Язе кепствы чыніць… Яна сама да нас яшчэ з’явіцца. А ты, халодны, зноў весялішся, кажаш, як чарамі шлях да дому нашага закрыеш. Нічога Яга не знойдзе! Я пра гэта памаўчу… Добра табе Бабы Ягі не баяцца. Лёгка табе пра мяне ані забыцца.

      – Мачыха нас у спакоі не пакіне! Гнявіцца будзе ды помсціцца! – ціха мовіць ад марозу ратаваная.

      – За што помсціцца? З чаго гнявіцца? – у яе пытаюся.

      – Яна ведае, за што… – і пазірае на мяне неяк жаласліва.

      – За што мяне шкадуеш? – не маўчу ў адказ.

      – За тое, што мядзведжы…

      Мядзведжы хто? Нешта тут не тое… Замаўчала ад колкага позірку сцюдзёнага… Цяжка даўмецца, што сказаць хацела.

      А ты, халодны-сцюдзёны, цвёрда нам кажаш, каб не ўздумалі Бабе Язе шлях падказаць. А яна пра тое прасіць моцна будзе! Кепствы злоснай той і сам учыніш,