чарцей вадзяных ніколі не прасіў! Гэта ж сабе даражэй! А ты да іх сабралася, – дзед трохі ахалануўся і як быццам сумеўся.
А бабка ўжо да возера дабегла. Рукі насустрач вадзе цягне ды так ласкавенька-шчыранька просіць:
– Хвалі глыбокія-глыбокія, віры сінявокія, чары цёмныя ды гнеўныя, вадзянога каралевіча слугі верныя! Не хачу дарма спадзявацца, а хачу з ім спаткацца! Не хачу на ўвесь свет журыцца, а хачу з ім пакут сваіх пазбыцца! Не хачу за шчасце змагацца, а хачу з ім застацца! Вадзянога каралевіча слугі верныя, чары цёмныя ды гнеўныя, віры, як і ён, сінявокія, хвалі глыбокія-глыбокія!
Схапіўся дзедка за галаву, пачуўшы такое, ды на возеры ўжо хвалі гнеўна ўздымаюцца, у бераг моцна плешчуць. Гэта цёмныя чары ўраз адгукнуліся, пачуўшы неасцярожнае бабчына слова. Дык што ж тут можна рабіці? Плач не плач, а з глыбокіх-глыбокіх хваль выходзіць сам вадзяны каралевіч!
– Гэй! Праўда старыя дзейкаюць! – аж не стрымалася бабка. – Як ранак, малады, як неба, прыгожы…
– Гэй! – не стрымаўся і дзед. – Малады, малады! Яшчэ на памяці майго дзеда такім быў!
А каралевіч між тым блізенька да беражка падышоў, гамонку такую слухае ды смяецца:
– А для каго ж гэта я немалады? Для цябе, бабця, што як печаны яблык?
Ды тая і не падумала крыўдзіцца, а захаплення свайго не хавае:
– Варожыць-чарадзеіць над сіняй вадою! Дзівосы розныя кліча!
– А як жа! – азваўся і дзедка. – Варожыць… Віхуры пасылае, навальніцы ўшчынае, людзей ад возера жахлівымі зданнямі адганяе, каб не стараліся многа! Як прымроіцца такі жах у вечаровым тумане, дык пра ўсё забудзеш!
Каралевіч жа ў адказ:
– А ты ж дзедка! А ты ж смелы! Рыбу кожнага дня цягаеш ды яшчэ мяне абражаеш! Як быццам я не пра возера клопат маю, а так сабе цёмнымі чарамі баўлюся. Ды і моракам хіба ж напалохаеш цябе…
Дзед на тое не змаўчаў:
– Цьху, нечысць, што цябе баяцца! Каб мог мяне ўтапіць, то ўжо, пэўна б, утапіў. А так…
– А так гляджу на вас, добрых, шчаслівых, дый думаю сабе… – недаказаў вадзяны каралевіч.
– Што забярэш мяне ў падводнае каралеўства, срэбрам абсыпеш, чарамі адорыш ды будзеш мне ў вочы глядзець, – усхапілася бабка.
Каралевіч ды дзед скоса пераглянуліся, нібы каўтнуўшы чаго кіслага, а каралевіч цвёрда прамовіў:
– Не!
– От я ведаю! – не ўтрываў дзед. – Дурніцу гэтую старую прэч пагоніш, каб яна болей да возера і не думала хадзіць! А то чары ды срэбра ёй спатрэбіліся… Лазы ёй, ды многа!
– Не! – па-ранейшаму цвёрда вымавіў каралевіч.
– А што ж тады? – не маглі даўмецца дзед і баба.
– Здарыцца з вамі самае жахлівае, – паабяцаў каралевіч. – Трэба ж і мне цёмным чарадзеем пабыць, каб трохі баяліся.
– Што? – у адзін голас занепакоіліся тыя, неўпрыкмет пагадзіўшыся адно з адным.
– А не зловіш ты, дзедку, у возеры ніводнай рыбіны! І да іншых азёр не хадзі, тое ж самае будзе.
– Авой, зачараваў! – загаласіў дзед.
– Авой, жывымі ў вір зацягнуў! – загаласіла баба. – Лепей мяне русалкай