які паткнуўся да мяне з вялікай цікаўнасці. – А ты будзеш за дзедам сачыць! Як ён паедзе рыбу лавіць, адразу мяне клікаць!
Вось так! Дзед жа кожнае раніцы спяшаўся рыбаліць, шлях трымаў паўз гэтае балота, то хмызнякоўнік найлепш і дапільнуе. А пакуль што пабягу хутчэй дахаты, няхай гэты няўдалы рыбак са сваім возам на грэблі багністай куляецца!
Прыбегла. І што тут у нас? Баба смятану ў гаршчок сабрала, масла біць старанна ўзялася. Блінцоў пульхлых напякла, відаць, дзеда чакае аж не дачакаецца. А дзед, як на тое, не спяшаецца. Але затое я ўжо тут… Усміхнулася ж прыязна ды пад вакно. Хвастом сваім сонечным туды-сюды павяла і пытаюся годна:
– Бабка, а бабка, што ж ты робіш?
– От недарэка! Не бачыш? Масла б’ю!
– Бабка, а бабка, а для каго масла б’еш?
– От недарэка! Буду дзеда карміць!
– Бабка, а бабка, а ці ведаеш ты, што дзед сёння рыбу лавіў?
– От недарэка! Ведаю, бо дзед кожны дзень рыбу ловіць.
– Рыбу лавіў, а цябе вадзяніку замест рыбы абяцаў аддаць, бо твае блінцы нясмачныя…
– Што гэта, ліска, ты кажаш? Няўжо праўда нясмачныя?
– От недарэка! Ты пра тое падумай, што табе ў вадзяніка нясоладка прыйдзецца, а ты пра блінцы клапоцішся… Ды блінцоў тваіх я не ела, адкуль мне ведаць?
– А ты частуйся, ліска! – ды падае місу цёпленькіх праз вакно. – А што ж, так і абяцаў вадзяніку аддаць?
– Ды няхай я хвастом за пень зачаплюся, калі прыдумаю такое! Лавіў твой дзед рыбу, аж выплывае да яго вадзянік. Хопіць, кажа, табе з майго валадарства цягаць, давай што за рыбу. А няма ж у мяне нічога, гаворыць дзеду, бедным быў, бедным і застаўся. Адно баба ў хаце, дык жа і тая няўдаліца! Ні зварыць, ні памыць! Адно лаецца дый годзе! Аддам яе, мо стане ціхмянаю, ласкаваю… А блінцы ж твае смачненькія!
– Ты еш, ліска, еш! Што, так і сказаў: ні зварыць, ні памыць? Дык я ж цалюткі дзень адно вару ды мыю! Працую на гэтага лайдака!
– А ты, бабка, лепш сама спытай! – пачуўшы, як воз затарахцеў зусім блізка, вярнула пустую міску ды хуценька – мык у высокае кустоўе, якое шчыльнай сцяной абступіла хату.
Гляджу ды слухаю, што ж далей дзеецца будзе. А раззлаваны яшчэ ў дарозе дзедка прытупаў у хату, кінуў бабцы пусты мех. Што, ніводнай рыбіны? Мех ты бабцы кідаеш дарэмна, гэта не ў мяне, маленькую, сціплую, ды з усёй сілы рыбінай. Вось зараз ты гэтым жа мехам і атрымаеш…
Трэба ж, жыццё пражыўшы, не навучыўся. Кінуўшы мех, яшчэ і просіць:
– Дай, бабка, што з’есці. Натаміўся, рыбу цягаючы… Страх!
– А ты ж мой бедны! А ты ж мой гаротны! – паспачувала бабка ды плехнула дзеду на галаву смятаны з гаршчэчка.
Адчуваю, што масла так і не саб’ецца. А так хацелася свежанькім паласавацца! Шкада! Шкада!
– Ах ты ж злая чарадзейка! – засердаваў дзед. – Аддамо цябе вадзяному злыдню, каб мне шкоды не чыніла!
– Я ведаю даўно, што ад мяне і зусім пазбавіцца жадаеш! От я табе! – бабка, пачуўшы пра шкоду, гаршчком у дзеда. Ды лыжкай. Ды чапялой…
Але ж як многа ў хаце рознага посуду! Адных збанкоў аж дзевяць налічыла.