Валеры Гапееў

І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік


Скачать книгу

далося прызвычаіцца да таго, што ў інтэлігентных людзей завецца ранішнім туалетам…

      Нечаканым быў вынік нетаропкага ўдумлівага аналізу: супраць ягонай волі ўсё існуючае складвалася ў цалкам лагічную сістэму адносін “дзяржава-чалавек”. Алагічнасць пераўтваралася ў лагічнасць, усякія дзеянні падаваліся апраўданымі, усе наступствы слушнымі, як толькі ты ў апісанні велізарнай функцыі пад назвай “дзяржава” прызнаваў сябе за намінальную велічыню, якую скарыстоўвае функцыя, але ніколькі не клапоціцца пра тваё захаванне. Бо ты – адзін з элементаў дадзеных вялікага масіву, а гэты масіў патрабуецца апрацаваць: сартаваць, выкінуць лішняе, утрымаць у вызначаных межах. Думкі пра гэта цалкам авалодалі свядомасцю Мацвея, на эмоцыі не заставалася месца. Тлелася слабая надзея, што увесь гэты укладзены ім у стройную функцыю свет існуе адно ў гэтых сценах. Што суд, які адбыцца, разбярэцца ва ўсім. І канешне, пасля суда ўсё вернецца на ранейшае месца і ў ягоным жыцці зноў галоўным стане магістратура. І Марго, пра якую ён, на здзіўленне для сябе, думаў многа.

      І ўсё ж ён пакутаваў, найперш ад бяздзеяння, ад невядомасці кожнай наступнай гадзіны. Вельмі перажываў за маці – яна тэлефанавала раней штовечар, а палове дзявятай гадзіны. Без сумнення, яна пазваніла таму першакурсніку, з якім ён жыў у пакоі – маці папераджальна спытала нумар тэлефона хлопца. І вось яна даведалася, што яе сын арыштаваны…

      Канешне, ён не мог не думаць над тым, якім чынам пад ягоным матрацам апынуліся лістоўкі і знік нататнік. Гэтыя думкі віліся нібыта на заднім фоне ягонай свядомасці і вылазілі на першы план, ледзь адыходзілі апошнія яркія эмоцыі. Вось зараз ён згадаў маці, думкі крануліся першакурсніка – і мозг запатрабаваў спыніцца. Ягоны сужывец мог мець дачыненне да тых лістовак? Ён паспрабаваў згадаць літаральна да хвіліны апошнія дні – ад уставання раніцай і да позняга вечара. Кожны крок каб, кожны дыялог. Зачапіўся – тры дні таму ён вярнуўся ў інтэрнат раней звычайнага. Адчыніў дзверы, у пакоі было чалавек пяць, усе хлопцы. Двое сядзелі на ложку Мацвея, двое – на суседнім, сам першакурснік-гаспадар стаяў, разгублены, нават спуджаны, нешта імкнуўся сказаць Мацвею, ды словы захраслі ў горле.

      – Гасцей прымаеш? – добразычліва спытаў Мацвей.

      – А… так, то землякі, вось… сабраліся, ага. Мы ўжо, гэта, расходзімся.

      – Ды сядзіце сабе, я на хвілінку, – чамусьці схлусіў тады Мацвей, скінуў куртку, выйшаў з пакоя і накіраваўся да Данілы.

      Хлопцы сядзелі на ягоным ложку. Нататнік быў у чахле. Падобны чахол льга купіць. Рэальна уявіць сітуацыю, калі ў якога хлопца з тых, хто сядзеў на ложку Мацвея, быў такі ж чахол, з лістоўкамі. Ён мог і раней, і асабліва ў той момант, калі неспадзявана для іх у пакой зайшоў “чужы”, саўгануць лістоўкі ў чахле пад матрац. Пасля дастаць. Але дастаць іншы – Мацвееў. І забраць яго, як свой. Канечне, так магло быць. Цяпер засталося рашыць: казаць пра гэта следчаму, ці не? Але, магчыма, яны ўжо і самі праверылі, распытвалі сужыўца Мацвея: хто быў, калі, па якой