Беларусі ўжо знаходзіліся краманьёнцы – другая галіна першабытнага чалавека. 10 тысяч гадоў таму назад заканчваецца ледавіковая эпоха. Валасаты насарог і маманты зьнікаюць. Асноўным аб’ектам паляваньня становіцца паўночны алень. Кліматычныя зьмены холаду і цяпла прымушаюць людзей прыстасоўвацца, вынаходзіць спосабы захаваньня жыцьця, робяць іх больш разумнымі і ўмелымі. Яны выраблялі прылады працы з дрэва, косьці, крэмню, палявалі на дзікіх коней, першабытных быкоў, аленяў, пясцоў, умелі рабіць сякеры, цёслы, глянцавальнікі, іголкі, нават тлушчавыя сьвечкі, вынайшлі лук і стрэлы.
7—6 тысяч гадоў да нашай эры вызваленыя ледавіком землі заняў лес – бярэзьнікі і хвойнікі, а пры пацяпленьні сталі расьці дубы, вольхі, асіны, арэшнік. Зьяўілася многа расьліннай ежы: лясных і вадзяных арэхаў, жалудоў, каранёў, грыбоў, ягад. Каб іх захоўваць патрэбен быў посуд, які сталі рабіць з гліны. Лес засялілі высакародны алень, тур, зубар, ласі, дзікі, казулі, мядзьведзі, птушкі. У рэках і азёрах было шмат рыбы, баброў.
Першабытныя людзі засялялі новыя землі, рухаючыся ўздоўж рэк, паволі засялілі ўсю цяперашнюю тэрыторыю нашай краіны. Яны жылі ў паўзямлянках радавымі абшчынамі, займаліся паляваньнем, рыбалоўствам ды зьбіральніцтвам. Аснову абшчыны, якая налічвала 25—30 чалавек складалі родзічы па маці, таму гэты пэрыяд гісторыі называецца матрыярхатам. З родавых абшчын з цягам часу ўтварылася племя. Колькасьць насельніцтва ў сёньняшніх межах Беларусі магло быць каля 6000 чалавек.
Той час называюць каменным векам па матэрыялу прыладаў працы. Прыблізна 4 тысячы гадоў да нашай эры ў жыцьці першабытных людзей адбыліся вельмі важныя зьмены, або, як іх называюць, тэхналягічная рэвалюцыя: чалавек авалодаў новай тэхнікай апрацоўкі крэмню, пачаў шліфаваць прылады працы, навучыўся вырабляць гліняны посуд, вынайшаў лук і стрэлы, ткацтва. Дзякуючы гэтаму людзі сталі пераходзіць да аселага ладу жыцьця, асвойваць земляробства ды жывёлагадоўлю.
У найбольш зручных для жыльля мясьцінах рабілі свае паселішчы некаторыя абшчыны, ствараючы гнёзды, што добра відаць на карце стаянак каменна – бронзавых вякоў, выяўленых ля Песак, Мастоў, Дубна, Луна, на Нёмні, Шчары, Росі і Зяльвянцы.
Стаянкі каменнага і бронзавага вякоў
Паляваньне ажыцьцяўлялася разнастайнымі спосабамі. Рабілі аблавы з выкарыстаньнем агню і ям, высочваньнем з выкарыстаньнем масак. Але найбольш вытрымкі, сілы і выносьлівасьці патрабаваў гон —пераследаваньне жывёлы да яе зьнясіленьня. Для такога паляваньня зімой выкарыстоўваліся лыжы. Лукі рабілі з вяза, дуба, цеціва была даўжынёй 150—180 см. Стрэлы былі драўляныя або трысьняговыя, з крамянёвым наканечнікам, даўжынёй 70—90 см. Чалавек прыручыў сабаку і меў дамашнюю жывёлу: сьвіней, авечак, коз, коней. Незвычайна вялікую ролю ў жыцьці першабытнага чалавека адыграў крэмень, пра які Вольга Іпатава піша, як пра жывую істоту: «агонь у жылах крэмню».
Усё найбольш дасканалыя прылады працы першабытныя людзі рабілі з крэмню, які зьбіралі спачатку на паверхні, а потым сталі здабываць у шахце, бо на паверхні