ў сваіх меркаваннях. Лонг-ліст. Шорт-ліст. Адначасова павылазілі злоснікі і гнеўнікі ад навукі, якія з ласкі самага злоснага і гняўлівага навукоўца называлі кнігу Руткоўскага «таннай любоўнай чытанінай над магілай беларускай археалогіі». Гэта мала абыходзіла яго. Ён з ахвотай паехаў у Мінск на фінальную цырымонію, дзе журы мелася абвясціць пераможцу.
У той самы момант, калі старэча Б. ускрываў капэрту з імем пераможцы, у Руткоўскага завібраваў мабільнік. Не зважаючы на важнасць моманту і амаль барабанны пошчак, ён зірнуў на дасланае паведамленне. «Яна выйшла замуж», – пісала знаёмая, пацвярджаючы свае словы парай фотаздымкаў. «Галоўны прыз – сто тысяч юаняў – за метафізіку яднання навукі і літаратуры ў кнізе “50 граняў юравіцкага” ўручаецца Ягору Руткоўскаму з Гомеля», – абвясціў ветэран «гедройцаўскай» гонкі, а зала загула, не шкадуючы воплескаў. Для толькі што абвешчанага пераможцы ўсё гэта гучала нібыта з прадоння. Ён доўга не мог уцяміць, што навакольны шум тычыцца менавіта яго. Дзякуй добрым людзям, што выцягнулі няўцямніка на сцэну. Дзякуй унутранаму стрыжню, што дазволіў засяродзіцца і выдаць невялічкую прамову.
Лаўрэат казаў, што не заслугоўвае галоўнага прыза, але, як ужо атрымаў, то з ахвотай яго забярэ. Выраз яго твару пры гэтым заставаўся абсалютна каменным, ажно цяжка было зразумець, жартам прызёр прамаўляў ці на поўнай шпульцы сур’ёзу. Навіна пра вяселле ў Канстанцы добра далася ў знакі. Журналіст, які памкнуўся быў пераняць пераможцу пасля цырымоніі з пытаннем «На што патраціце атрыманыя грошы?», быў узнагароджаны хвосткай рэплікай: «Не твой сабачы клопат».
За гэта Ягора ледзьве не дыскваліфікавалі. Але ў журы знайшлася мудрая жанчына, якая збольшага зналася ў кухні, дзе гатавалася кулеша тагачасных выкрунтасаў Руткоўскага. У яе атрымалася пераканаць іншых дараваць гамяльчаніну запальчывасць, патлумачыўшы кінутую ім абразу відавочным станам афекту, выкліканым пэўнымі жыццёвымі абставінамі. Здавалася, што яна не гаварыла на канцылярскім дыялекце, а ўзнёсла дэкламавала вершы Авідыя.
У фэйсбуку і на некалькіх сайтах публіка віравала, незадаволеная і выбрыкам гомельскага археолага, і патураннем з боку журы. «Без кумаўства тут дакладна не абышлося!» – лейтматывам гучала старая, як апошняе міжледавікоўе, здагадка. Руткоўскі між тым папрасіў у журналіста прабачэння. Журналіст прабачэнне прыняў і ўгаварыў лаўрэата на вялікае інтэрв’ю. Ягор быў настолькі шчырым, што пэўныя пасажы давялося падразаць ці змякчаць акцэнты, каб не выклікаць гэтым разам ураганнай рэакцыі самых розных груп чытачоў.
Шчырае інтэрв’ю, якое выйшла пад назвай «Сабачы клопат лаўрэата: як “рамонкавае каханне” штурхнула археолага ў літаратуру», не ўнікла раз’юшаных водгукаў памяркоўных раялістак, курдуплістых баскетбалістак, нацыянал-пацэнтрыстаў, пабожных трактарыстаў з секты сведак дзяшовага паліва, гіпермодных калумністаў, маладзяшчыхся апалагетаў праваднога радзіва, шпунцікаў і вінцікаў, прафесійных ныцікаў, апельсінавых