Альгерд Бахарэвiч

Праклятыя госці сталіцы


Скачать книгу

стрыглі пад самым бальконам: малады чалавек, мружачыся, штурхаў перад сабой касілку, нібы плуг, якім аруць цішыню – Даражок зь нянавісьцю глядзеў хлопцу проста ў паголенае цемя, думаючы пра тое, што з гэтай узаранай цішыні, засеянай дробнымі клопатамі, нічога не прарасьце – ну хіба што яшчэ адзін дзень, банальны, як хлеб. Назаўтра віскат перамясьціўся кудысьці ўбок, потым накірунак, дзе працавала касілка, ужо немагчыма стала вызначыць – здавалася, касец шчыраваў на даху. А сёньня ён зусім зьнік, і Даражок, які звыкся прачынацца заўсёды ў пілавіньні ўласных сноў, вырашыў паваляцца ў ложку яшчэ трошкі.

      Ён ляжаў, баючыся варухнуцца, бо так нядоўга й расплёскаць сябе, наталяўся цішынёй і думаў пра тое, што зусім неабавязкова прамаўляць услых: пра тое, што грошы сканчаюцца і трэба нарэшце знайсьці сабе хаця б нейкі заробак, пра тое, што ў гэтую хвіліну няблага было б адкінуць коўдру й пабачыць побач ружовае жаночае сьцягно, у радзімках і прышчыках, як на прыватных фота ў інтэрнэце, цёплае сьцягно, успацелае пругкае паўшар’е – наколькі б яно выратавала гэтую раніцу. Пра тое, што калі грошы скончацца, давядзецца вяртацца ў Неглыбокае да бацькоў. Некалькі месяцаў таму ён сказаў ім, што знайшоў у сталіцы працу, і бацькі, пераглянуўшыся, далі яму грошай на першы час: пакой, мэтро, толькі ня еш у макдональдсах, і ня пі, галоўнае, ня пі, сынок. А ён і ня піў, наколькі можна ня піць у гэтай краіне, спраўна дасылаў дахаты лісты, заўсёдны ляканізм якіх кампэнсаваўся амаль дзіцячым аптымізмам: Даражок кожнага разу імкнуўся аздобіць сваё кароткае пасланьне якой-небудзь яскравай дэталяй, кшталту памады на гальштуку шэфа, і з дапамогай гэтага няхітрага падману ўдала, як яму здавалася, падтрымліваў у бацькоў стан душэўнае раўнавагі. Ён нават тэлефанаваў у Неглыбокае раз-пораз з паштамту; па-першае, там, адлюстроўваючыся ў шматлікіх кабінках, сядзела за шкляной перагародкай вельмі прывабная дзяўчына, якая пазірала на Даражка з інтарэсам, а па-другое, самі гэтыя кабінкі… Паклаўшы слухаўку, Даражок звычайна не выходзіў, а заплюшчваў вочы й некалькі хвілінаў сядзеў у цудоўным задушлівым паўзмроку – вялізная лічба на плексыглясавай дзьверцы засланяла Даражка ад позіркаў звонку, захінала сваім фігурным ценем, ён пачуваўся як дома й сядзеў у кабінцы да першага грубага грукату.

      Цішыня ў пакоі цудоўным чынам працягвалася. Даражок чуў адно пошум дрэваў за вакном ды клявішныя каляратуры птахаў. Ён асьцярожна перавярнуўся на бок і падумаў, што людзі яму відавочна супрацьпаказаныя. Ні ў Неглыбокім, ні тут, у сталіцы, здымаючы пакой у някепскіх па вялікім рахунку людзей, ён не адчуваў сябе так утульна, як у тэлефоннай кабінцы. У гэтай паўпразрыстай труне ніхто не вымушаў яго ні да чаго – і як прыемна было ўсьведамляць, што шчасьлівае таемства адзіноты адбываецца ўпрытык з тэлефонным апаратам, з тым самым прыстасаваньнем, пакрытым лакам сотняў тысяч дотыкаў, крывадушным, распухлым і чорным, як неглыбоцкі попік. З тэлефонам, які, нібы зводня, утварае чалавечыя калектывы. Ён падумаў, што няблага было б пайсьці ў газонакасільшчыкі – лепш штодзень адчуваць на сваім