Альгерд Бахарэвiч

Праклятыя госці сталіцы


Скачать книгу

што я дагэтуль бы. А цяпер я біёграф вялікага, без сумненьняў выбітнага чалавека. Раней я шмат чытаў, і ўрэшце захварэў на беспрычынную роспач. Тады я стаў пісаць, зранку перачытваў напісанае й мне станавілася яшчэ горш. Мая жыцьцёвая прастора звужалася. Мае ўласныя пінжакі пагражалі мне расправай, я кленчыў грошы ў заўзятых ворагаў, у тых, з кім бы год таму за адзін стол ня сеў, на ноч я клаў пад падушку нож. У маім пакоі вісеў на сьцяне чачэнскі сьцяг, а з раніцы ў лазьніцы я адплёўваўся крывёй.

      Так працягвалася да той пары, пакуль я… Зрэшты, як пісалі ў старых, цяпер забароненых кнігах, пра ўсё па парадку.

      Частка другая

      Жыціе сьвятога К

      18

      Дзякуючы кіно мінуўшчына ўяўляецца нам чорна-белай; чорнымі былі робы тых палонных немцаў, якія ўзімку 1948 году пачалі будоўлю пяціпавярховіка на вуліцы Ўзорнай, і бела, белым-бела сьвяціліся на кадрах кронікі яго сьцены ў жніўні, калі аб’ект здавалі ў эксплюатацыю. Тады будавалі шпарка. У верасьні каля двухсот чалавек сьвяткавалі тут улазіны: усё як мае быць, зь дзіцячым плачам, песьнямі, скокамі й бойкамі. Дом атрымаўся шыракагруды, з ордэнскімі планкамі невялікіх балькончыкаў, з шырокімі пляцоўкамі, высокімі столямі, узараным дваром, дзе выцьвіталі на сонцы гімнасьцёркі й юныя дрэўцы, ды праставатай фігурнай ляпнінай, якая апярэзала дах. Праўда, першы паверх першага пад’езду новага дому на Ўзорнай так ніхто й не заняў – пляніроўка гэтай часткі дому прадугледжвала нейкія грамадзкія памяшканьні. Жыхары спадзяваліся, што там адчыняць булачную, аднак высьветлілася, што ўсё значна весялей. З новага году пад спачывальняй сям’і члена парткому зборачнага цэху матацыклетнага заводу тав. Грышука, на адзін цагляна-бэтонны мэтр уніз ад ножак шлюбнага ложку, пачала працаваць кіназаля.

      У тым жа 1948 годзе за васемсот кілямэтраў ад вуліцы Ўзорнай з вакна гісторыі выпаў вялікі чалавек тав. Жданаў, Андрэй Аляксандравіч, хай будзе зямелька пухам ягоным фаміліянтам. Заслужаная была асоба, рукі па локці ў крыві, не цуралася культуры, нават болей: клапацілася пра мастакоў, па-бацькоўску павучала, як несьці разумныя, добрыя, вечныя і ідалягічна выверана-вывараныя яйкі ў масы. Даручэньне такое мела – клапаціцца. “Няма, няма ў нас таленавітых кампазытараў, – бедаваў, напрыклад, выходзячы з канцэрту клясычнай музыкі, Андрэй Аляксандравіч, у атачэньні паплечнікаў, у сэньсе тых, хто быў Андрэю Аляксандравічу па плячо. – Слухаў, слухаў, а цяпер ніводнай мэлёдыі пад нос не насьвісьціш. Незапамінальна”. Хавалі таварыша Жданава з усімі ўрачыстасьцямі, а ў магілу, згодна са старажытным паганскім абрадам, паклалі побач зь нябожчыкам цэлы горад Марыупаль. Па ўсёй краіне людзі клаліся спаць на адных вуліцах, а прачыналіся на імя Жданава, ішлі ў адны школы, а выходзілі з імя Жданава, падціраліся газэткаю ў адных Дамох культуры, а змывалі за сабой у імя Жданава, зачыналі адно дзіця, а нараджалі імя Жданава, ступалі раніцай на адзін сьнег, а прыносілі дахаты на ботах імя Жданава, і насілі імя Жданава, насілі, насілі, на сэрцы насілі, на руках, на тварах,