Ксенія Шталенкова

Адваротны бок люстра


Скачать книгу

задумліва паглядзеў на яе ды хітра ўсміхнуўся.

      Раздзел 4

      Міхал адкінуў века куфра і, нырнуўшы ў яго з галавой, узяўся нешта шукаць.

      – Ну дзе ж яна? Я памятаю, што заставалася, – мармытаў юнак, рыючыся ў куфры.

      – Міхал, а што ты шукаеш? – Бася асцярожна кранула яго за плячо.

      – Ды вопратку маю дзіцячую!

      Дзяўчынка збянтэжана паглядзела на юнака і адышла.

      – Вось яна! – узрадавана ўсклікнуў Міхал, рэзка выпрастаўшыся і выцяўшыся галавой аб века куфра.

      Паціраючы патыліцу, якая пацярпела ўжо двойчы за раніцу, ён працягнуў Басі кучу вопраткі. Дзяўчынка акуратна расклала яе на лаўцы.

      – І што гэта такое? – з сумневам прамовіла Бася, азіраючы дзіўнага выгляду калготы.

      – Нагавіцы, – сказаў юнак.

      Дзяўчынка фыркнула, кінуўшы хуткі позірк на Міхала.

      – Чаго ты? – спытаў ён.

      – Ды смешныя нагавіцы – я ў іх буду па-дурному выглядаць!

      – Павер, без іх ты будзеш выглядаць яшчэ дурней, – адказаў Міхал, накіроўваючыся да дзвярэй.

      – Пачакай, а ў якой паслядоўнасці гэта ўсё апранаць?

      – Спачатку нагавіцы, потым ніжнюю кашулю.

      – А ці патрэбна яе ўбіраць у нагавіцы? – удакладніла дзяўчынка.

      – Не, як жа ты яе ўбярэш, калі яна да кален? А зверху – каптан. Міхал пайшоў з пакоя, а Бася, са скрухай уздыхнуўшы, узялася ўбірацца ў новы строй. Спрабуючы апрануць вузкія нязручныя нагавіцы, яна заскакала на адной назе і, не ўтрымаўшы раўнавагі, з грукатам павалілася на падлогу. Пакрыўдзіўшыся і на Міхала, і на нагавіцы, дзяўчынка ўзнялася і, з горам папалам нацягнуўшы на сябе вопратку, паклікала юнака.

      – Што гэта тут у цябе валілася? – спытаў ён, прычыніўшы за сабою дзверы.

      – Нічога, – сярдзіта прабурчала дзяўчынка, разгладжваючы складкі. – Ну як, я падобная да хлопчыка?

      Міхал схіліў галаву да пляча і, схапіўшыся пальцамі за падбароддзе, агледзеў Басю з галавы да ног.

      – Што? Не тое? – засмучана спытала дзяўчынка.

      – Не, – пакруціў галавой юнак. – Не тое. Сам не зразумею, што менавіта, але нешта не так.

      Бася кінула на сябе зверху ўніз журботны позірк і выняла з-пад каўнера кашулі валасы, убіраючы іх назад.

      – Чакай! – раптам усклікнуў Міхал і кінуўся да дзвярэй.

      Бася толькі разгублена паглядзела яму наўздагон. Праз імгненне юнак вярнуўся, узброіўшыся нейкім падабенствам нажніц. Дзяўчынка з асцярогай адступіла ад яго.

      – Я зразумеў: у цябе надта доўгія валасы. Іх трэба абрэзаць, – узрадавана паведаміў Міхал.

      – Не дам! – Бася заняла абарончую пазіцыю і схапілася за валасы.

      – Бась, ну, а як інакш? Не ведаю, як у вас, але ў нас юнакі не носяць такія доўгія валасы. Іх хаця б да плеч укараціць патрэбна.

      – А без гэтага ніяк нельга? Мяне абавязкова трэба выдаваць за хлопчыка? Твая карміцелька ж усё роўна ведае, хто я.

      – Але я не маю жаночага адзення! – запярэчыў Міхал. – Тым больш карміцелька – гэта карміцелька, а перад людзьмі я не магу.

      – Чаму гэта? – абурылася дзяўчынка.

      – Ну,