Ксенія Шталенкова

Адваротны бок люстра


Скачать книгу

не набыў!

      – Карміцелька, ну якія ворагі? Хто паскардзіцца? Я ж казаў, што прывёз Басю з…

      – Ты мне не распавядай! – перапыніла тая Міхала. – Думаеш, я высакародную дзяўчыну ад бяднячкі не адрозню? Ты на яе паглядзі: ручкі бялюткія, сама яна такая ладненькая. Па ўсім бачна, што дзяўчына не простая. Вось прыедзе твой хросны, пан князь, сама да яго ў ногі кінуся, каб абараніў, пакрыўдзіць не даў. А вось калі з бацькам яе зладзіш, то мы вяселле і згуляем! Ужо я паклапачуся! У нас такое вяселле будзе! – пачала марыць кабета.

      – Кармі-і-целька! – прастагнаў Міхал. – Не збіраюся я ні з кім жаніцца!

      – Што значыць, не збіраешся? – збянтэжылася карміцелька. – Як гэта разумець? Ты дзяўчынку бедную выкраў, ад матулькі і татулькі адарваў, а зараз ажаніцца не хочаш! Навошта тады яе так катуеш?

      – Як я яе катую? – усклікнуў юнак, ужо страчваючы цярплівасць.

      – Як? У доме сваім пасяліў, валасы абрэзаў, у мужчынскае адзенне прыбраў! Гэта ж нейкі жах! Яна за табой як сабачка бегае, а ты так сябе трымаеш! Бессаромнік! – прагудзела кабета.

      – Карміцелька, супакойся! – агрызнуўся Міхал.

      Бася, з мокрымі валасамі і ў доўгай белай кашулі, выйшла з мыльні ў прылазнік.

      – Хадзі зараз ты мыцца, – загадала карміцелька юнаку.

      – Навошта?

      – Што ж людзі падумаюць? Пажа ў лазню звадзіў, а сам не памыўся! Ну не! Хадзі давай!

      Міхал узняў вочы дагары.

      – Хадзі-хадзі, Міхалачак! Зараз я цябе пасцерагу! – засмяялася Бася.

      – Я табе пасцерагу! – прабурчаў Міхал.

      «Не дай божа, Бася чула гэтыя дурныя размовы!» – падумаў ён і зайшоў у мыльню.

      – Папі кваску, дзетухна мая! – прабуркавала карміцелька Басі. Калі яны вярталіся з лазні, да Міхала падбег слуга і сказаў:

      – Пане Міхалу, да вас ганец ад пана князя. Ягомасць ужо прыехалі ў Вільню і клічуць вас да сябе.

      – Бог пачуў мае малітвы! – перахрысціўшыся, сказала карміцелька.

      Міхал кінуў на яе скосы позірк і пабег у дом. Пераапрануўшыся і ўзяўшы з сабой зброю, ён ускочыў на каня і паскакаў да палаца Радзівіла. Дзяўчынка журботна ўздыхнула і прысела на лавачку каля ганка пагрэцца на сонейку і высушыць валасы.

      Раптам з кухні выбегла адна з дзяўчын-служанак і спынілася перад Басяй.

      – Дзень добры, пан Янэк!

      Бася спадылба паглядзела на яе.

      – А чаму пан Янэк ніколі не заходзіць да нас на кухню? – злёгку чырванеючы, спытала дзяўчына.

      «Цябе тут яшчэ не хапала!» – падумала Бася, а ўслых прамовіла, надаўшы свайму голасу хрыпатцы:

      – Таму што пан Янэк мае вельмі шмат важных спраў! Дзяўчына хіхікнула і падсела да Басі на лавачку.

      – У пана Янэка такія прыгожыя валасы!

      Бася прыкрыла твар рукою. «Ну чаму ж нікому іншаму не прыйшло ў галаву, што ў мяне прыгожыя валасы?!»

      – У пана Янэка ручкі такія маленькія. Пазногцікі такія дагледжаныя. Пан Янэк так да дзяўчыны падобны! – працягвала нахвальваць Басю служанка.

      «Ну, правільна!