вулiцаю – падскоквала то на адной, то на другой назе. На плячах целяпаўся рог хусткi з доўгiмi кутасамi.
Корсак паглядзеў ёй услед i, ужо аслепшы ад нiзкага, што асталося ў вачах зялёнымi кропкамi, сонца, пайшоў у хату.
VIII
Усталi Корсакi зацемна: толькi прайшла «калейка» – пасажырскi поезд на тры вагончыкi, што працяжна пасвiстваў на пераездзе перад вёскаю.
Каля Верасава асталася вузкакалейка, якую вайною зрабiлi немцы, нiшчачы i высякаючы тутэйшыя лясы. Пасля вайны людзi паразбiралi рэйкi на паграбы i картапляныя ямы, але палякi аднавiлi разабраную чыгунку, i цяпер за вёскаю чмыхаў невялiкi паравозiк, прасейваючы праз сiтца комiна рой чырвоных, падсвечаных агнём, iскраў. У вагончыках свяцiлiся, завешаныя фiранкамi, жоўтыя вокны.
У Корсакавай хаце быў чуваць здушаны сценамi грукат.
– Во, сёмая гадзiна ўжо, – сказаў Корсак, несучы ў хату карыта з застылым i нявыедзеным свiнячым цестам.
На вялiкiя чыгуны з намытымi дробнымi картоплямi, на закарэлыя ражкi, цабэркi i вёдры, што стаялi з прыходу, пакацiўся рэдзенькi сiвер.
Да снедання Корсакi ўпраўлялiся накармiць i напаiць скацiну.
У печы весела пастрэльвалi i палалi дровы, лiжучы выкрышаны чалеснiк, у комiн шугала полымя, ад яго чырванела накарэлая, вуграватая сажа.
У лямпе, што вiсела пад закурэлаю бэлькаю, падскокваў пляскаты язычок агню i брэнкала на дроце палiваная талерка, калi Корсак адчыняў цi зачыняў хату.
Мiця збiраўся ў Дварчаны, старое, за вёрст пяць ад Верасава, мястэчка, дзе былi гмiна i пастарунак. Ён сядзеў на лаве i поркаўся шылам у чаравiку з разяўленым перадам, у якiм, як у звярка зубы, вышчарылiся вострыя драўляныя цвiкi.
– Нашто порашся, цi абуць няма чаго? – беручыся за сякач i плюючы сабе на рукi, сказаў Корсак.
– Не на баль можа клiчуць, – пачырванеў ад натугi Мiця, круцячы шылам у тоўстым ранце.
– Выскалiшся, нябось, – Корсак застукаў секачом па хрумсткiх сырых картоплях, дастаючы да дна i бухаючы ў дошку.
Гаварыць абодвум не было больш чаго – перасварылiся яны ўчора, калi бацька прынёс дадому павестку i, прыпляскаўшы яе рукою на стале, мацюкнуўся:
– Iдзi ты з ёю разам… i дадому не прыходзь!
Мiцю як нешта пад’юшчыла – ён не стрываў:
– I пайду! Не столькi, кажуць, свету, як у акне!
Бацька нават быў падскочыў з кулаком, у яго ад злосцi дрыжала тоўстая нiжняя губа.
Але Хрысця, распасцёршы рукi, заступiла дарогу, збялеўшы i закалацiўшыся ад страху сама.
– Дзядзечка, пабойцеся бога, нашто вы так!
Мiця скасiў вочы, выкацiўшы бялкi, але раптам асекся, што брыдка ўсё ж такi бiцца са старым бацькам, схапiў са сцяны пiнжак i выбег з хаты.
Злы, разгарачоны, пайшоў у канец вёскi да Бортнiкавых – там у хаце ўжо запалiлi лямпу: за праснiцамi сядзелi дзяўчаты. Пад высокiм падвязаным фiкусам на табурэце ўмасцiўся Бронiк Лiтавар, дзеразаваўся з хiтраватай i дзюбаносай, як сарока, Касяй – адбiраў верацяно. Яна, выхапiўшы верацяно, бiла яго галоўкаю па пучках i рагатала, паказваючы вялiкiя пярэднiя зубы з цёмным свiшчом. Дзяўчаты цярплiва маўчалi, зыркаючы на Лiтавара, i, мусiць, злавалi, што не чапае iх.
Мiц�