Вячаслаў Адамчык

Чужая бацькаўшчына


Скачать книгу

Мазуры былi, не раўнуючы, як карчы. Паказаў Кузюк, ды не на тую руку – не ўгадаў. Расшчамiў Мазура кулак, а мякiшу там няма.

      – Такi, мусiць, i вядзьмар быў, раз не ўгадаў, – перабiў нехта Алесiнага малацьбiта.

      – Ого, не быў!.. – заварушыў авечаю шапкаю малацьбiт. – Вот паслухай!.. Паставiў Кузюк яшчэ кварту гарэлкi, а што зробiш – не ўгадаў. Мазура дабавiў у чубе i паехаў дадому.

      Прайшло, можа, гадоў дзесяць цi болей. Памёр той стары вядзьмар. Карчму нехта спалiў, там i знаку ўжо не асталося. Варочаўся Мазура з кiрмашу дадому. Шарэць яшчэ ў горадзе пачало. Покуль даехаў да Шайбакова – ноч нахапiлася. Цёмна – хоць на воўка ўзлезь. Пад’язджае да крыжавое дарогi, якраз там, дзе карчма была. Бачыць – нябожчык Кузюк стаiць. У Мазуры аж валасы зашавялiлiся. Ён шлёг па канi, а Кузюк уздагон, учапiўся за драбiну i бяжыць каля воза. Толькi каля першых дварчанскiх хат згiнуў… Прыехаў Мазура дадому, распрог каня, прыйшоў у хату i бачыць – за акном зноў стаiць Кузюк.

      Мазура схапiў нейкi млён i за iм. Кузюк у возера, уплаў. I Мазура за iм. То пэўна ўтапiўся б, каб сын не пераняў. То мне ж сам Мазура расказваў…

      Усе маўчалi. Нехта густа соп у нос.

      – Можа, п’яны быў, сп’яна i падалося, – услых падумаў Бронiк Лiтавар.

      – Вядома ж, не цвярозы, з кiрмашу едучы. Да п’янага больш прыстае нячыстая сiла, – падняўся на коленкi Алесiн малацьбiт.

      Глухая ноч мякка асядала на зямлю. З жаўтлявага, заваленага хмарамi неба дзьмуў сiберны вецер. На прысадзiстым дубку шапацела, як шапацiць, блiзячыся, дождж, i дрыжала цвёрдае лiсце. У густым шуме лесу востра лускала сухое галлё.

      Начлежнiкi паднялi галовы, настаўляючы вушы ў той бок, дзе быў чуваць гэты сухi нудны скрып.

      Конi адышлiся пад самы грудок. На чарнаце рунi бялеўся нiзенькi Мондраў конь.

      – Хлопцы, дальбог, вунь Кузюк iдзе, – раптам не то засмяяўся, не то здзiвiўся Бронiк Лiтавар.

      – Ты так не смейся, дурны, цi што? – зашалпатаўся пад хвойкаю Алесiн малацьбiт.

      – Цiха! – зашыкаў Мiця Корсак, выцягваючы голаў i гледзячы на грудок, дзе паслiся конi.

      – Вунь i праўда нехта блiзiцца. Каб не цыганы часам, – шастаючы доўгiмi кажухамi i буркамi, паўсхоплiвалiся начлежнiкi.

      – Двое iх, – сказаў Мiця, усё цiкуючы на грудок: там, прыгнуўшыся i падтрасаючы нейкiя мяшкi на плячах, наўскасяк да лесу спяшалiся невядомыя людзi. Меншы з iх, падбiўшыся ў хадзе, пачаў трохi адставаць.

      – Ага, двое…

      – Так чаго стаiмо? Чакаем, покуль коней не пабяруць? – засоп носам Бронiк Лiтавар i пабег, цяжка зашоргаўшы валёнкамi. Начлежнiкi, не ўспяваючы, пусцiлiся за iм. Дзе ў разорах пад нагамi правальвалася яшчэ не ўмёрзлая скарынка зямлi.

      Тыя двое раптам завярнулiся ўбок i падбавiлi ходу.

      – А можа, ваўкі? – Алесiн малацьбiт высока паднiмаў ногi, каб не зачапiцца за ўмёрзлую груду i не ўпасцi.

      – Не, людзi!.. Вуньдзека добра вiдаць…

      Глухi тупат ног адазваўся ў намерзлай зямлi. Начлежнiкi апярэджвалi адзiн аднаго. У некага звiнелi цуглi.

      Два ценi, што варушылiся ў нiзкiм поцемку, мусiць, учуўшы мiтусянiну i блiзкi тупат ног, заварочвалi да коней.

      – Стой! –