Не падымаючы яго, Мiця зняў з каня вобруць i за грыву завёў яго ў цёмны i парны ад гною хлеў. Разбуджаная грукатам, паднялася, цяжка ўздыхнула карова, затупалi, тручыся бокам аб сцяну i шастаючы гарахавiннем, авечкi.
Высунуўшыся з хлява, Мiця навастрыў слых туды, на Прылуцкiя хутары. Вецер iрваў, адносiў тоўсты голас сабакi. Гнулася i шастала доўгiм галлём над хатаю пры вулiцы вiлаватая бярэзiна. Снег зрадзеў саўсiм.
Мiця падняў скруткi палатна, падышоў да парога i затрос дзвярыма – яны былi прысунутыя.
– Хто тама? – трохi счакаўшы, азвалася з сяней Хрысця.
– Гэта я, Мiця.
– Ай, божачка, – сказала яна, грукнуўшы са звонам жалезнай засаўкай. – А мне падалося, што зноў палiцыянты. – Яе белая сарочка мiльганула ў шараватую цемнату хаты. – З гадзiну як пайшлi…
– Няўжо? – У Мiцi нешта халоднае перавярнулася ў грудзях.
– А гэта што? – яна дыхнула цяплом, ложкам, калi ён увайшоў у хату.
– Палатно… У зладзеяў адабралi.
– Мала табе аднаго вобыску! – закрычаў з-за белаватага ў цемнаце комiна стары Корсак. – Так яшчэ на палатно пайшоў! Шукае твая галава гуза…
Мiця стаяў пасярод хаты, глядзеў у каламутнае акно з белаю ватаю за дубэльтамi, у якую, навыразаўшы, Хрысця паўтыкала папяровых кветак, i не ведаў, што рабiць з гэтым палатном.
Чырвоныя папяровыя кветкi на белай ваце цяпер, уночы, выдавалi чорнымi.
VII
Назаўтра, толькi пачало развiднiвацца, укамянелаю, прыцярушанаю пухкiм снегам дарогаю, з гузамi намерзлай гразi, у Верасава прыйшла чужая высокая баба ў зялёнай суконнай спаднiцы i ў чорным кажусе з белаю апухаю на рукавах. У такт хадзе яна дзюбала сухiм арэхавым кiйком.
Каля першых хат яе стрэцiла Алесiна сучачка. Баба адмахнулася ад яе лёгкiм арэхавым кiйком, сучачка, з перапалоху цяўкнуўшы, адекочылася на надворак i, ужо высунуўшы з непрычыненых веснiкаў голаў, затрасла доўгiмi вушмi.
Баба дайшла да сярэдзiны вёскi i за калодзежам напаткала Ваўчкову Вольгу – расхрыстаную, у лёгкай паркалёвай сукенцы без рукавоў i ў мужчынскiх, на босую ногу, чаравiках. Нават зiмою ў Вольгi з твару i з рук не сыходзiла густое карычневае рабацiнне. На шырокiм, выдзеўбленым, як начоўкi, каромысле Вольга нясла, трымаючы за ржавыя драцяныя кручкi, два пустыя вядры.
– Ой, маладзiца, не пашанцуе мне, – сказала чужая кабета i прыпынiлася.
– Чаму, цётко? – здзiвiлася Вольга, вырачыўшы свае зеленаватыя, як у кошкi, вочы. Выцвiлых, белых вейкаў у яе не было вiдаць. Гаварыла яна не так, як усе верасаўцы, – прыйшла сюды замуж здалёк, з-пад Свiтазi.
– З пустым стрэла, – баба паказала арэхавым кiйком на палiванае вядро з мокрым лапiкам у дзiравым дне. – Гэта ж я ўчарашнiх начлежнiкаў шукаю. Нехта з вашай вёскi конi пасвiў на нашым жыце.
– А скуль жа ж, цётко, будзяцё?
– З Лезнявiч я… Сцяпана Чарняўскага жонка. Можа, чулi? Што з Амэрыкi не вярнуўся.
– Не, цётко. Я во пяты год як замужам тут, а сама то буду здалёк.
– А, хiба што, – баба ў чорным кажусе махнула галавою, паклала руку на руку, абапiраючыся на карычневы, у белаватых вочках, арэхавы