падсушанай марозам дарогi стаялi, як папы ў доўгiх расах, два ялаўцовыя кусты.
– Хлопцы, дальбуг, нехта стаiць! – не то смеючыся, не то з перапалоху паказаў рукою малады хлопец у скамечанай кепцы, што ехаў наперадзе.
– Не бойся, гэта ялавец, – азваўся нехта з начлежнiкаў.
– Здаецца, кустоў тут нiколi i не было, – паспакайнеўшы ўжо, загаварыў хлопец.
– Уночы ўсё iначай бачыш, – сказаў Алесiн малацьбiт.
Дарога разышлася вiламi: адзiн канец iх упiраўся ў хвойнiк, другi роўненька пашыўся полем.
Начлежнiкi звярнулi ў лес. Перагонамi па густых прысадзiстых хвойках хадзiў вецер, лес шумеў, як шумiць, падаючы з заставак, вада. Гэты мяккi шум лашчыў душу, але недзе за плечы краўся страх. Церлася, як хто скрыгатаў зубамi, лапа аб лапу. Лускала, нiбы ў пераспелым гаросе струкi, сухое галлё. У гушчары хвоек каламутнасцю асядаў, хаваўся, як што жывое, поцемак. Пахла зялёнаю маладою смалiною, ельнiкам, як на хаўтурах.
Конi насцярожылiся i застрыглi вушмi – яны ўжо, мусiць, чулi ваўкоў. Тут, недалёка за лезнявiцкiм жытам, у глыбокiх, пазарастаных старым ялаўцом равах, каля пясчаных выдмаў, дзе былi конскiя магiлкi, вялiся ваўкi.
Начлежнiкi спынiлiся на папярочнай дарозе, што iшла мiж верасаўскiм лесам i лезнявiцкiм полем, i пачалi саскокваць з коней.
– Ну, стой! Чаго баiшся? Тарапкi ўжо ў вачах стаяць? – злаваў нехта, прысядаючы каля пярэднiх канёвых ног, i, закруцiўшы пута, ляпаў каню па лапатцы, гнаў яго на рунь. Конь, махаючы галавою i паднiмаючы абедзве нагi разам, скакаў па рунi. Чуваць было, як правальвалася яшчэ не ўмёрзлая скарынка зямлi.
Трывожная, перамешаная з ветрам цiш ляжала над цёмным ад рунi полем. На маладым разгалiстым дубку з краю дарогi шапацела сухое, скручанае ў трубку лiсце – па iм, здавалася, як сек дробны дождж. Працiнаў холад. У жаўтаватых, разарваных хмарках за хвойнiкам задрыжала вялiкая чырванаватая зорка. Сышоўшыся ў купку, начлежнiкi маўчалi, узiралiся на коней, што, не датыкаючыся да рунi i спуджана задзiраючы галовы, задамi цiснулiся адзiн да аднаго.
– Недзе ж круцяцца тут, – сказаў Алесiн малацьбiт у авечай шапцы i, паўзiраўшыся ў шарую, нiзкую цемнату ночы, турзануў Мiцю за рукаво: – А вунь, вуньдзека яны!
– Дзе? Дзе? – задыхнулiся начлежнiкi, прыгнуўшыся i цiкуючы туды, куды паказваў Алесiн малацьбiт.
Збоку ад коней, перад грудком, варушылiся дзве калматыя плямы. Яны то злiвалiся з чарнатою рунi, то паказвалiся на белаватай каламутнасцi неба. I толькi калi выбеглi на самы грудок, было добра вiдаць, што гэта ваўкi. Iх было два – роўныя, адзiн пад аднаго. Яны беглi ўпоравень, трасучы вострымi спiнамi i порстка перабiраючы цыбатымi нагамi.
Конi, збiваючыся адзiн на аднаго, захраплi.
– Велькiя, ядры тваю палку, – густа дыхнуў Бронiк Лiтавар.
– Коньскiя, пэўна, – азваўся нехта, разгiнаючыся. Абышоўшы коней, ваўкi спынiлiся на мiг, востра блiснулi жоўтымi пякучымi вачмi i завярнулi з рунi на дарогу, што церлася каля хвойнiку. I гэтак трушком, падтрасаючы худыя азадкi, адзiн блiзка каля аднаго, як спрэжаныя, пасунулiся дарогаю, злiваючыся з хвойнiкам.
– Садзецеся, хлопцы, чаго стаяцьмем, – вясёла сказаў Алесiн