сьвежасьпечаная ўдава, якая вярнулася з начной зьмены.
Разгублены сабутэльнік так і ня здолеў аднавіць у памяці храналёгію падзеяў мінулага вечара.
Сёньня сьнег ля пад’ездаў быў прыбраны ў высокія гурбы, і дзеці з казыркоў ныралі ў ягосьнег, ім было весела – да дарослых турботаў яшчэ далёка. Вітаўт зьняў кватэру амаль тыдзень таму, на вуліцы імя нейкага камунякі, невядомага нікому з новага пакаленьня. Якраз пайшлі ўгору справы з мастацкімі замовамі, і ён зьбіраў сяброў, каб адсьвяткаваць навасельле й успомніць добрую кніжную традыцыю.
Першаю прыйшла Інэса, яна пакінула дзяцей на нянечку, якая зьнешне выглядала так, быццам бы ёй самой патрэбны быў дагляд, але дзеці яе слухаліся й любілі.
Другім на парозе зьявіўся Гэня, увесь спатнелы, вочы чырвоныя, ён першаю справаю скінуў зь сябе кажух і пачаў здымаць праз галаву швэдар, пад якім быў яшчэ адзін… Змакрэлы, спужаны, ён толькі скасабочана пасьміхаўся, трымаючы ў руках пакет з суседняй крамы, у якім месьціліся бутэлька каньяку, дзьве бутэлькі віна й тры невялічкія шклянкі “Глікадзіну” з аптэчнага кіёску. Гэня заставаўся самім сабою пры любых абстваінах: зімою, стужаю, летам, сьпякотаю, у гасьцях, дома, за працаю…
За Гэнем амаль адразу пазваніў у дзьверы Ян, які прывёў з сабою паўнаватую дзяўчыну зь імем Нэля, якая гучна жавала жуйку, крыху прыадкрываючы намазаныя барвоваю памадаю вусны. Ян адразу перадаў заплечнік Вітаўту, каб той дастаў зь яго тры плястыкавыя пляшкі разьліўнога піва й адну бутэльку ўіскі і паклаў усё ў лядоўню – якаснае піва варта піць халодным, але зь цёплымі рукамі, так быццам бы любяць казаць у цяперашнім сьвеце.
Здавалася, Вітаўт больш нікога не чакаў, але празь дзесяць хвілін, калі ўсе сябры, разьмясьціўшыся на кухні, разьлівалі піва й палілі, у дзьверы пагрукалі, Вітаўт адчыніў і ўбачыў Вераніку, дзяўчыну, зь якой ён разышоўся колькі год таму.
– Ну прывіт, мой смачны мужчына! Хаваесься ад мяне? – Вераніка, прымружыўшы вочы, абхапіла Вітаўта за шыю і падаравала яму доўгі пацалунак.
Вітаўт зь сілаю адарваў ад сябе дзяўчо.
– Слухай, як ты даведалася маю адрэсу?!
– Не скажу, даражэнькі, а то пасвару цябе зь сябрам! – Вераніка ўсьміхнулася й зьняла паліто, з-пад якога на сьвет выглянула вязаная кофта з глыбокім выразам, што адкрываў неверагодны від на пульхныя грудзі, паднятыя станікам.
– Ладна, ты гэта, заходзь, вядома, але сёньня ў нас вечар занядбана-вар’яцкага дзяцінства!
– Ой, ну ведаю я, я прачытала Граса, так што ня парся, я маю колькі пытаньняў і адказаў! – Вераніка накіравалася ў пакой, па дарозе раскідаўшы ў розныя бакі свой абутак, і не пасьпела яна як сьлед агледзецца, як раптам яе позірк спыніўся на сьценцы, і – Вераніка закрычала праз калідор у кухню, куды выправіўся Вітаўт: – Знатныя ў цябе паліцы, Вітаўт! Сам ці ня сам?!
– Сам-сам! Учора толькі скончыў! Гэта мой гонар, я палічыў, што нашмат эканомней будзе самому сканструяваць і павесіць кніжныя паліцы. Тут даўжыня – 250 сантымэтраў і вышыня 200, і вісіць цяпер недзе пад 500 кіляграмаў кніг, усе