Аляксандар І. Бацкель

Мімікрыя


Скачать книгу

нават калі ён выказваў нейкія думкі.

      Гэня – сама глеба, нерухомы, шалёны, варя’цкі, статычны, непрадказальны… Ніколі не было вядома, што зараз вырасьце зь ягонай галавы: ці то лебяда, ці то ружа, ці то бяроза, падобная да лёгкага шапаценьня страйнюткай, бела-чорнай думкі пра жыцьцё альбо пра тую ці іншую прачытаную кнігу. Ён заўсёды выглядаў сьвяжэйшым і маладзейшым за астатніх, але тое, што адбывалася пад гэтай вонкавай абалонкай, было невядома нават яму. Гэня называў сябе Дарыянам Грэем, з тым намёкам, што падгніваў знутры, але звонку гной быў нябачны, ён нідзе не прасочваўся, хіба толькі зрэдзьчас зь ягоных вуснаў выпаўзалі сьмярдзючыя і варожыя словы, якія ня мелі адрасату. Час ад часу ад яго струменілася нейкая невядомая хворая энэргія, якая яскрава сьведчыла пра тое, што жыцьцё яго амаль перажавала, і вось яшчэ колькі кавалачкаў ад Гэні – і ўсё, баста, ён будзе зьедзены. Гэня з кожным днём усё глыбей закопваўся ў самім сабе, адрываўся ад рэальнасьці, набліжаўся да сваіх, уласных зацікаўленасьцяў, фобій і заняткаў, усё болей замыкаўся ў сабе, і ад яго ўжо патыхала сырою, волкаю глебаю, сапраўдным мокрым пяском.

      Гэня пераходзіў межы існаваньня, ён, як Гаўтама, праходзіў этапы спасьціжэньня, але ягонае спасьціжэньне прыносіла яму толькі вусьцішны неспакой, толькі жудасны страх шматлюдскасьці ў сьвеце. Гэня завабліваў у свае сеткі і, калі хацеў, сам мог перажоўваць чужыя косткі, хрумкаючы, праходзячыся ад асалоды языком па нёбе, але Гэня быў інтравертам…

Паветра

      Гэта быў звычайны дзень, клясычна звычайны, такі ж звычайны, як і ўчорашні. Нічога не прадказвала нічога. Усё было. Усё было тут і цяпер. І была раніца, і быў пакой у лякарні. І быў халодны, сьветлы, бледны мужчына ў белым халаце, які сядзеў за сталом, таксама белым і халодным.

      Стол перад Інэсаю быў карычневы, але ад яго таксама ішоў зімовы холад… Сьцюдзёнасьць, унутраны страх, мітычны жах, дрыготка, спапялюшаныя рукі… Тая самая вусьціш, якая ёсьць перашапачатковай, старажытнай, глыбіннай.

      – Э-э-э. Аналізы гатовыя, але я нават ня ведаю, як на гэта рэагаваць. Тое, што ў вас балела пад пахаю й намацвалася невялічкім каменьчыкам у правай грудзі, – гэта, як паказвае рэнтген, мамаграфія й пункцыя, ёсьць цыбулінкі глядыёлуюсаў.

      – Прабачце, доктар Віян! Што гэта? Кветкі?!

      – Дакладна ня рак, але кветкі. Мы пакуль ня ведаем, як гэта лячыць, але прапішам вам хіміятэрапіяю альбо гармоны, паглядзім… Можа быць, калі пагодзіцеся, пачнем экспэрымэнтальнае лячэньне радыяактыўнымі пігулкамі, прашыўкамі… – Чакайце, калі гэта кветкі, можа быць, дастаткова іх выдзерці, альбо там, ня ведаю, як з градкі – выкарчаваць?

      – Разумееце, тут справа такая… Дзьве вялікія цыбулінкі ўжо пусьцілі дзіцячыя парасткі па суседніх ворганах, таму ніякая апэрацыя й праполка тут не дапаможа… Інэса вярнулася дамоў, пайшла на гаўбец, зачынілася й горка заплакала. Глебушка й Міхаська, прытуліўшыся насамі да шкла, убачыўшы, як мама плача, таксама заплакалі, пакрываючы вакно з боку пакоя доўгімі струменьчыкамі салёнай вадкасьці,