Аляксандар І. Бацкель

Мімікрыя


Скачать книгу

што чалавек еў і які ў яго настрой, характар; Фрэнк, які ня можа вырасьці зь дзяцінства, будуе запруды, плаціны, ладзіць вайнушкі з плястмасавымі салдацікамі, але ня толькі зь імі, часьцяком у расход ідзе й жывы матэрыял, яшчэ ў Фрэнка ёсьць Асіная Фабрыка, Ахвярныя Слупы, Бункер і шмат іншых зразумелых і цікавых толькі яму мястэчак, і Фрэнк захоўвае тры самыя жудасныя таямніцы свайго шаснаццацігадовага жыцьця: яго старэйшы брат Эрык зьехаў з глузду падчас працы ў бальніцы па даглядзе за слабавумнымі дзецьмі й цяпер падпальвае сабак і есьць дажджавых чарвякоў, маці… яна кінула іх, потым праз тры гады прыехала на дзявятым месяцы цяжарнасьці на байку, па-хуткаму нарадзіла й праз два дні пасьля родаў зьехала ў невядомым кірунку, сам Фрэнк ужо тройчы пасьпеў забіць, прычым ягоны падыход да забойстваў уражвае. І, напэўна, самае галоўнае ў кнізе, што пралівае цьмянае сьвятло на ўсё гэта дзікунства й шалёнае дзяцінства – яму сабака, яшчэ калі ён быў малым, адгрыз пісюн зь яйцамі, так, што ён ня толькі ня здольны мець нейкія полавыя зносіны, але й ссыць, як баба… Па-мойму – выдатна! Аўтар рэжа па жывому без наркоза, ломіць сваю праўду, гвалціць мозг.

      Гэня. Дзякуй, Ян, за кароткі зьмест, але я вось што скажу. Кніга мяне не спалохала і не зьдзівіла. Усё, што тут апісана, – гэта, вядома, брыдка, агідна, але ня вусьцішна, таму што хваравіта, таму што па-дурному, таму што самі героі не разумеюць, хто яны такія ёсьць на самой справе.

      Тут няма гэтага погляду назад, у мінулае, няма раскаяньня! Калі б было раскаяньне, тады было б вусьцішна ад усьведамленьня таго, што нарабіў. Але аповед вядзецца пра ненармальныя рэчы цалкам нармальнай мовай, быццам бы так і трэба. А галоўны герой не ўсьведамляе сваю… ненармальнасьць… Ён лічыць сябе ў параўнаньні са сваім братам, Эрыкам, цалкам нармальным. І ён жахаецца таго, што Эрык падпальвае сабак, але ён сам ня так даўно сапраўды гэтак жа падпальваў зайцаў ды наогул забіў трох дзяцей. Але гэта для яго цалкам нармальна, гэта як мае быць, і ён зусім не дакарае сябе, і нават у фінале, калі адчыняецца таямніца Фрэнка, ён знаходзіць “рацыянальнае тлумачэньне” сваім забойствам і нічога не адчувае да тых трох дзяцей, якіх ён забіў, хоць па ягоным жа “рацыянальным тлумачэньні” ўсё гэта было дарэмна. Ён проста перакладае віну за ўсё на свайго бацьку. Але сябе вінаватым не адчувае. Гэта вельмі проста – перакласьці ўсё на бацькоў, абвінаваціць іх…

      Нэля. Ой ну мля, што-та ў вас тут неяк інтэлектуальненька… А вы будзеце ўвесь вечар так? Га? А то мне ўжо спаць хочацца.

      Вераніка. Ты лепш пі, даражэнькая, і маўчы, усім вядома навошта Ян цябе прывёў… Ладна, да кнігі… Вінаваціць бацькоў – гэта клясыка, гэта самае лёгкае… Я лічу гэтую кнігу бяздушным стварэньем. Я не магу чытаць кнігі, дзе апісваецца зло дзеля самога зла, бруд дзеля бруду, дзе няма катарсісу, дзе няма адчаю аўтара, дзе няма нейкага тлумачэньня, філязофіі! У мяне паўстае пытаньне: “Навошта?” У нашым сьвеце і так шмат розных паганых і жудасных рэчаў. Навошта запаўняць гэты сьвет яшчэ большым дзярмом?