Анатоль Бутэвіч

Пацалунак на фоне гор (зборнік)


Скачать книгу

Нібыта яны на тых кароткачасовых салдацкіх харчах распаўнелі. Марыя пазірала на іх, і яе даймалі дзіўныя пачуцці. А мо дарэмна яна… каму патрэбна такая зацятасць? Так можна і звекаваць у дзеўках. Дзе ты цяперашняй парой набярэшся жаніхоў. А вайна ўсё спіша…

      Нечакана Іван прыслаў трохкутнік. Пісаў, што памятае, дзякаваў за ўсё добрае, за Маніну шкадаўлівасць – і дзе ён пачуў гэтае слова, няўжо ад маці? – абяцаў пасля вайны абавязкова прывезці ватоўку.

      Зноў мільгалі тыдні, месяцы. Ужо некаторыя дзяўчаты з кабетамі сталі мацяркамі, салдаткамі пачалі дражніць іх, а ад Івана ні слыху ні дыху. Марыя тайком маліла Бога, каб дараваў Івану жыццё, каб збярог яго. Хоць сама не ведала, дзеля чаго і дзеля каго стараецца. Відаць, проста шкадавала салдата.

      Неўзабаве магутнымі выбухамі радасці, урачыстымі салютамі і горкімі галашэннямі адышла ў нябыт вайна. Пераможцы вярталіся ў свае гарады, вёскі, зямлянкі. Доўгачаканымі мужчынскімі галасамі пачала агучвацца і Вялікая Бяроза. Толькі Маньчына сям’я атрымала «пахаронку» на бацьку. Пагаласілі, пабедавалі, а дзе падзенешся. Жыць трэба.

      Не надта спяшаліся на свае былыя пастаялыя двары пекушаўскія зенітчыкі. Згадкай пра іхні колішні бярозаўскі пастой засталіся каля дзясятка хлапчукоў і дзяўчынак, незласліва празваных пекушаўцамі.

      Пакрысе пачаў прытупляцца боль ад ваенных пакутаў і стратаў. Дзеткі прыхарошвалі цяжкі пасляваенны побыт, давалі радасны спадзеў на лепшае: усё-ткі рабочыя рукі растуць.

      А ў душы Марыі ўсё вастрэйшай станавілася пякучая стрэмка: не пачуў Бог яе малітваў. Не аб’явіўся Іван, не падае голасу. Ведама, вайна, суцяшала сама сябе, мо не дакаціў сваю зенітку да перамогі. А калі і вярнуўся жывы, то на свой, курска-белгарадскі парог. Хай бы яна тады не была такой недачэпай, хай бы пакаштавала жаночага шчасця. А то вось і маеш – ні дзіцяці, ні мужа… А тут яшчэ салдаткі даймаюць:

      – Хоць бы ватоўку перадаў, калі сам не захацеў вяртацца… Усё ж лепей сініца ў руках, чым журавель у небе…

      І раптам, калі пачало ўжо брацца на восень, калі буслы сталі збірацца разам на бліжнім поплаве, у Вялікай Бярозе з’явіўся Іван Серабракоў.

      Калі б знянацку сюды прыехаў сам Жукаў, не было б, пэўна, такой нечаканасці, як гэтая. І сталася ж так, што першай сустрэла яго Марыя. Ішла з лесу з бярозавым пацурбалкам на дровы, калі ўбачыла вайскоўца. З сідарам за плячыма, у запыленых ботах і знаёмай ватоўцы. Зірнула на яго, і сэрца абамлела. Упала яна пасярод дарогі, а бярозавае палена пакацілася проста пад ногі салдату. Спалохаўся той, пачаў галаву Маніну падымаць, у твар узірацца, дыханне лавіць: ці жывая? Ачомалася Марыя, бачыць перад сабой няголены твар. І раптам як плясне рукой па шчаціністай шчацэ: думала, цалавацца лезе.

      – О, будзе жыць,– засмяяўся Іван.

      А ў самога поўненькія вочы слёз, да самых беражкоў, здаецца, міргне – і пальюцца.

      Як убачыла Марыя гэтыя вочы, сама на шыю кінулася, пачала цалаваць іх. Не разумела, што робіць. Як не ў сабе была. Усё прыгаворвала:

      – Ванечка… Мой… любы… Ванечка… Шкадую я цябе…