Анатоль Бутэвіч

Пацалунак на фоне гор (зборнік)


Скачать книгу

ж вас тут дваіх?

      – З табою – так.

      – Ого, як смела. Па-гвардзейску: раз-раз, ухапілі языка і ходу…

      – Не, я ўцякаць не збіраюся. Ды і языка яшчэ не захапіў,– уздыхнуў Іван.

      – А я яшчэ і коўдры не прынесла,– прамовіла дзяўчына і падступілася бліжэй.– Ой, а вам і праўда холадна. Бо хіба такі шынялёк можа сагрэць?

      – А чым ён кепскі? Ветрам шыты, скразнякамі падбіты. Цёплы, як кажух у Дзеда Мароза.– Іван дэманстратыўна прасунуў пальцы праз дзіркі.

      Абое засмяяліся.

      – А як вас завуць? – нечакана спытала дзяўчына.

      – Адгадай,– прапанаваў і дадаў: – Так, як і ўсіх, на кім сёння Русь трымаецца.

      – Іосіфам? Клімам? Ці мо Георгіем?

      – Не,– засмяяўся салдат.– Іванам.

      Ён пазіраў на яе, а вочы былі поўныя вірлівага бляску.

      – А цябе?

      – Маняй. Марыя я,– паправілася дзяўчына.

      – О, Іван ды Мар’я… Добрая пара.

      – Адкуль вам вядома, што добрая?

      – Давай на «ты», тады і сама зразумееш.

      – Бач, які скоры: ні села ні пала, дай бабе сала.

      – Ад сала я не адмовіўся б, але ў вас яго няма. Таму есці нанач шкодна,– неяк асабліва ажыўлена прамовіў Іван.

      – Я ведаю, што шкодна,– засмяялася дзяўчына.– Таму і не прынесла. А вось для сугрэву пастараюся што-небудзь знайсці…

      Не паспеў Іван запярэчыць, што ноччу піць яшчэ больш шкодна, чым есці, як Марыя знікла ў хаце. Праз хвіліну вынесла ватоўку.

      – Вось, бацькава,– прамовіла.– Перад адыходам на фронт пакінуў. Я накрываюся. Але ж я ў хаце, а герой вайны на вуліцы мерзне. Непарадак…

      – Адкуль ты ведаеш, што герой? – ніякавата прамовіў Іван і захінуў крысо шыняля, з-пад якога маглі б вылузацца некалькі медалёў і ордэн.

      – Бо ў негерояў шынялі цэлыя,– кусліва засмяялася Марыя.

      – Пабыла б пад агнём, не казала б, што холадна,– нібыта пакрыўдзіўся Іван.

      – Хапіла нам такога агню і такога холаду, што не дай Бог нікому,– пасур’ёзнела Марыя.– Калі вёска гарэла…

      – Выбачай, я не хацеў пакрыўдзіць,– апраўдваўся Іван.

      – Тады бяры ватоўку.

      – А куды мне яе? На шынель не налезе…

      – Скінь шынельку. Ватоўка цяплейшая.

      – Не магу, шынель – вайсковая маёмасць. Адказваць давядзецца.

      – А ты яе зверху, на ватоўку нацягні. І цяплей, і выгляд геройскі захаваецца…

      – Ну й вострая ты. Вось вазьму і затуплю язычок.– Іван зрабіў рух, нібыта хацеў абняць Марыю.

      – Цішэй-цішэй, герой! Бач, як коні панеслі! Глядзі, каб не выкулілі…

      Іван зніякавеў, прысеў на зенітку, змоўк. Марыя села побач, таксама маўчала. Пасля нечакана для сябе пачала расказваць пра сваю вёску, калісьці вялікую і шматлюдную, пра сям’ю, нядаўнія і ўжо незваротныя школьныя гады. Іван слухаў, падтакваў, часам пра нешта пытаўся. Затым згадаў сваё жыццё – даваеннае і цяперашняе, франтавое.

      Не заўважылі, як прамінула ноч, як світанак зачапіўся за ствол зеніткі. Яны мо і далей гаварылі