з адчування часу, калыхаючыся ў халаднаватых хвалях, толькі зрэдку варушыў нагамі і кісцямі рук, каб заставацца на плаву. Але стан няўцямнай трывогі і напружанасці, які суправаджаў яго ўсе апошнія гады і які пачаўся даўно, нават перад Катастрофай, і цяпер звыкла апанаваў яго. У думках Слядак вярнуўся назад, да гутаркі са сваім начальнікам, якога ўсе звалі Гектар. Белы, ён, як хадзілі чуткі, быў чальцом «Паўночнага Кардона» – забароненай суполкі, якая змагалася за правы белай меншасці. Гектар выклікаў яго, каб даць наказ на дарогу, але не толькі. Слядак ведаў яго як скрытнага, але рашучага чалавека, дарэчы, земляка. У іх адбылася кароткая гутарка без сведкаў.
«Я даўно сачу за табой, ведаў і тваіх бацькоў, – гаварыў яму напаследак Гектар— сівы, знешне малапрыкметны чалавек з такім жа малапрыкметным, ардынарным тварам, але лоб яго быў па-мужчынску высокі, а з-пад надброўяў небяспечна свяціліся жывым розумам вочы, – і заданне, з якім ты едзеш у Паселішча, мае два напрамкі. Адзін – афіцыйны: ты павінен раскрыць што-небудзь пра забойствы і прадставіць, калі здолееш, доказы вінаватасці злачынцы ці злачынцаў, а другі – крыху іншы: ты таксама павінен раскрыць, што здолееш, пра забойствы, знайсці таго ці тых, хто іх здзейсніў, і паведаміць іх імёны спачатку асабіста мне, Той чалавек ці людзі, адзін, два іх, тры ці нават пяць, магчыма, маюць мэты, якія супадаюць з нашымі. I тады першы напрамак тваіх вышукаў будзе ануляваны, але гэта ўжо толькі мая справа».
«Чалавек ці людзі, якіх я, можа, і знайду, – яны маюць для нас нейкую асабістую каштоўнасць?» – спытаў ён тады.
«Так, – адказаў Гектар, – у нас мала аднадумцаў, здольных на дзеянне. Нехта пачынае знішчаць наркадылераў ці бандытаў? Выдатна! Калі ж мы ўсе ў розных кутках знойдзем адно аднаго і аб'яднаем сілы, то цалкам верагодна, выжывем самі і не дапусцім прыніжэння сябе і сваіх блізкіх».
«А ўвогуле, яны якія – нашы мэты?» – зноў крыху наіўна запытаўся ён тады.
«Я сам не больш як фігура на шахматнай дошцы. Ты малады, здаровы, але і ты – пакуль што толькі выканаўца. Так што дзейнічай».
…Слядак прыўзняў галаву і абвёў вачыма бераг і месца, дзе ляжала яго вопратка. У яго быў нож, які, вядома, ён з сабой не ўзяў, а пакінуў на беразе. Там было пуста, і ён зноў лёг патыліцай у ваду і заплюшчыў вочы.
Але так ён прабыў нядоўга. Раптоўны шолах і рэзкі посвіст над галавой, а потым адчувальны моцны ўдар па твары, быццам анучай, прымусілі яго даць нырца. Вынырнуўшы, Слядак імкліва агледзеўся па баках – нікога і нічога не ўбачыў, ніякай небяспекі, але незразумелы страх пасяліўся ў ім і прымусіў неадкладна плысці да берага, а плаваць хутка ён умеў з дзяцінства. Зноў быццам нейкі цень пагрозліва праслізнуў над яго галавой, ён нават адчуў над плячыма халодны подых, як ад нечаканага парыву паўночнага ветру. А потым ён, што самае дзіўнае, пачуў смех.
Калі ногі яго неўзабаве намацалі дно, ужо ля самага берага, ён няўпэўнена азірнуўся, паглядзеў у неба над ім, але нічога і нікога не ўбачыў. Слядак таропка апрануў кашулю, нагавіцы і скіраваў да