задумаўся, але праз паўзу ўпэўнена сказаў: «Звычайна, маладыя жанчыны, прыгожыя. На перадплеччы ў кожнай аднолькавая татуіроўка».
«I якая?»
«Выява птушкі ў палёце. Чайкі».
«Па-вашаму, маладыя жанчыны могуць лётаць? Эрыніі ж быццам лёталі?»
«Яны пераўвасабляюцца. Валодаюць магіяй». «Наколькі я ведаю, эрыніі лічыліся пачварнымі старымі бабамі са змеямі ў валасах і пугамі ў руках», – не ўтрымаўшыся, зноў аспрэчыў Слядак.
«Гэта памылковасць. Вы ж іх не бачылі, а я – як вось вас цяпер. I дарэмна вы не верыце. А вось многія сустракаліся і з лесуном, із вадзянікам, і з гномам! дамавікамі, русалкамі, і іншымі істотамі, існаванне якіх так упарта абвяргаюць навукоўцы. Я раней шмат чытаў, тады было яшчэ многа кніг, і тое-сёе памятаю і цяпер. Так, восемдзесят з гакам гадоў назад, амерыканскі заолаг Айван Сандэрсан зафіксаваў у балотах Камеруна птэрадактыля. Ля берагоў Афрыкі злавілі цэлаканта – лічылася, што гэтая кісцяпёрая рыбіна вымерла яшчэ да эпохі дыназаўраў. Пілоты, якія праляталі над возерам Хайыр, разгледзелі і сфатаграфавалі плезіязаўра. На Гамбійскі марскі курорт выкінула труп пяціметровага кроназаўра. Гэта толькі з боку біялогіі. А колькі чутак, паданняў, легенд пра ўсялякіх цмокаў, гномаў, эльфаў, фей… Каб іх не існавала – пра іх бы і не ўспаміналі. Не станеце ж вы аспрэчваць такія з'явы, як прагерыя, гамеапатыя, тэлегонія, партэнагенез? Іх таксама абвяргаюць навукоўцы, але яны існуюць».
«Але ж і вы – былы навуковец. Дарэчы, чым вы займаліся, калі гэта не сакрэт?» – з максімальнай тактоўнасцю пацікавіўся Слядак.
«Я – доктар сацыялогіі. У мінулым, вядома».
«А за што, прабачце, вы жывяце? Вам жа трэба нешта есці, апранацца і сагравацца зімой…»
«У мяне ёсць у Мегаполісе дачка. Яна зрэдку дасылае мне грошы, астатнія я здабываю сам. Мне, як вы бачыце, многа не трэба. Тут каму з мясцовых іншы раз патрабуецца скласці скаргу ці напісаць ліст. Ідуць да мяне».
«А чаму вы вырашылі, што мы з Шэрыфам прыйшлі вас арыштоўваць?»
«З Мегаполіса проста так, без нагоды, да мяне не з'явяцца».
«А што вы скажаце пра Імбэцыла? – змяніў тэму Слядак. – Я, дарэчы, у вашых месцах, каб «праехацца» па гэтым дзіўным казусе».
«Ды што тут разбірацца? Цяпер шмат падобных. Іншым разам мне здаецца, што натуралы ў галіне сексу скончыліся яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя. Вось вам наглядныя адрыжкі дэмакратыі. З аднаго боку, былі, груба кажучы, педэрасты, з другога – смяротнікі. Хто пераможа, можна было сказаць адразу. Успомніце, як калісьці ў сталіцу Усходняй імперыі завезлі ўжо і надзіманых кароў для заафілаў, а перад канцэртам нейкай попспявачкі з Захаду, каб не праліўся дождж, разганялі хмары з дапамогай спецыяльных летакоў. Урэшце, вы тады яшчэ толькі нарадзіліся».
«Ну і што б вы зараз параілі?» – спытаў Слядак.
«Я прысудзіў бы вычварэнцаў да лабатаміі. Яны б пераўтварыліся ў шчасліўцаў і не стваралі б нам праблем».
«А вы маргінал», – усміхнуўся Слядак.
Ад выпітага таннага віна твар Крэза хваравіта пачырванеў. Гаворка стала з большымі паўзамі.