біце мяне», – папрасіў той адразу. Голас у Імбэцыла быў квакаючы і хрыпаты, як у дзеркача.
«Біць будзем, – расчараваў яго Шэрыф. – Ну, магчыма, сёння не вельмі, але заўтра дык ужо добра і дакладна».
«Я не хачу, сукі, выпусціце мяне!» – нахабна і надакучліва заенчыў вязень.
«Хацу, не хацу, – перадражніў яго Шэрыф, – а калі цябе не выпусцяць, а апусцяць датэрмінова, га? Ці, можа, гэта ўжо адбылося?»
Усцешаны каламбурам, Шэрыф аж рохкнуў ад задавальнення.
«Вось, – дадаў ён, звяртаючыся да Следака. – Хочаце што ў яго спытаць?»
Слядак падышоў бліжэй і ўключыў дыктафон надалонніка.
«Як вас зваць?» – спытаў ён.
Імбэцыл моўчкі разглядаў яго праз краты. У глыбіні яго вачэй тлелі боязь і нянавісць.
«Скажыце, – роўна і спакойна працягваў дапытвацца Слядак, – чаму вы здзяйснялі гвалт над жанчынамі такім дзікім спосабам?»
«Я іх не гвалціў», – адказаў урэшце вязень.
«Вы хацелі працягнуць свой род? Чаму вы не ажаніліся? У вас была якая сімпатыя?»
Шэрыф за яго спінай незадаволена насупіўся і іранічна хмыкнуў.
«Я не хачу гаварыць! – пачаў крычаць Імбэцыл і раптам сарваўся на істэрыку: – Пайшоў ты… сука!»
Ён павярнуўся і скіраваў у дальні кут.
«Стаяць! – зароў Шэрыф і падхапіўся на ногі. – Ану сюды, мастурбант, маць тваю, зараз я цябе ўлагоджу!»
Ён выцягнуў з кішэні ключы, кінуўся да дзвярэй, адчыніў іх і вывалак Імбэцыла вонкі.
«Ааа!» – узвыў той, відавочна напужаны.
«Лаў-кік» справа па вонкавай паверхні бядра прымусіў яго рохкнуць ад болю і апусціцца на падлогу. Слядак, які раней нейкі час, хоць і па-аматарску, займаўся рукапашным боем, адзначыў пэўны прафесіяналізм Шэрыфа.
«Устаць, жывёла!» – загадаў той.
Трымаючыся за сцяну, Імбэцыл падняўся з падлогі. Левая нага не слухалася яго і дрыжэла.
«Дык вось, – сказаў Шэрыф, – табе задалі пытанне: чаму ты не натурал? Можа, ты ўвогуле бертраніст, педык, стрыкер, заафіл? Гавары, вырадак, маць тваю!..»
I Шэрыф, не чакаючы адказу, правёў «лаў-кік» злева, па другой назе. Імбэцыл зноў паваліўся.
«Мне пара», – сказаў Слядак.
«Ды вы не спяшайцеся. Зараз ён пачне гаварыць. Такое вам нагаворыць, што яшчэ раз сюды прыедзеце па працяг. Падобныя на яго маньякі іншым разам становяцца горш за звера».
«Другім разам, – ветліва адмовіўся Слядак. – Магчыма, заўтра».
«Чуеш? – спытаў Шэрыф вязня. – Рыхтуйся да заўтра. Абдумай адказы, бо ты будзеш гаварыць шмат і доўга».
Слядак паціснуў плячыма і павярнуўся на выхад, бо ў ізалятары, да таго ж, адчувальна смярдзела. Ды што было тут пытаць?
«Клініка», – толькі і сказаў ён Шэрыфу. Урэшце, яго ў гэты час цікавіла і непакоіла зусім іншае.
Праз паўгадзіны, таропка і сціпла паснедаўшы купленай у краме бляшанкай кількі і чвэртачкай хлеба, Слядак рушыў на возера.
Сонца ўжо высока ўзнялося ў бязвоблачным небе. Выпаленая, пажоўклая трава на абочынах дарог і кволыя,